Алювій

Рачная даліна, складзеная алювіем

Алю́вій, алювія́льныя адкла́ды (ад лац.: alluviō — нанос, намыў) — адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін.

Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці  (руск.) (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі  (руск.) торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5 % тэрыторыі Беларусі.

Звычайна слаісты  (руск.). Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі  (руск.)).

Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найбольш тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арганічнымі рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу.

Шукальнікі алмазаў у рачным алювіі, Сьера-Леонэ

З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор'яў і раўнін — радовішчы будаўнічых пяскоў і жвіру.

Алювій — субстрат алювіяльных глебаў.