Алікудзі | |
---|---|
італ. Isola Alicudi | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 5,1 км² |
Насельніцтва | 105 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 20,59 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°32′43,80″ пн. ш. 14°21′04,80″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Тырэнскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аліку́дзі (італ.: Isola Alicudi) — востраў у групе Ліпарскіх астравоў. Уваходзіць у склад Італіі. Агульная плошча — 5,10 км². Насельніцтва (2001 г.) — 105 чалавек.
Востраў Алікудзі — самы заходні з усіх Ліпарскіх астравоў. Месціцца ў 95 км на паўночны ўсход ад Палерма. Мае амаль круглявую форму. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 2,58 км. Найбольшая шырыня з захаду на ўсход — 2,26 км.
Востраў мае вулканічнае паходжанне. Лічыцца, што вулкан Алікудзі пачаў вывяргацца каля 150 тысяч гадоў таму. У нашы дні кальдэра займае цэнтральную частку. Яе схілы ўзвышаюцца да 675 м над узроўнем мора.
Паўднёвыя схілы часткова тэрасаваны штучнымі насыпамі камянёў. Дзякуючы гэтаму мясцовыя насельнікі маюць магчымасць будаваць дамы на роўнай паверхні і займацца сельскай гаспадаркай.
У заходняй частцы ёсць пячора, скалістыя берагі прыдатны для нырання з аквалангам.
Клімат міжземнаморскі са спякотным сухім летам і сталымі вятрамі.
Большая частка паверхні вострава камяністая. На тэрасах сустракаюцца зараснікі травы, хмызнякоў, алівы, фісташкі, ражковага дрэва, верасовых. На востраве стала жывуць дзікія трусы, кажаны, сапсаны, крумкачы, шызыя галубы, крыжанкі. Сезонна спыняюцца пеліканы, шэрая і чырвоная чаплі, фламінга.
Першыя людзі з'явіліся на востраве ў бронзавым веку. Археолагі выявілі ў цэнтральнай частцы артэфакты, застаўленыя ў XVII - XVI стст. да н. э. Цікавасць таксама ўяўляе саркафаг IV ст. да н. э. Старажытныя насельнікі займаліся земляробствам і рыбалоўствам. Алікудзі з'яўляўся важным марскім транзітным пунктам паміж Апенінскім паўвостравам і Сіцыліяй.
Частыя напады піратаў вымушалі мясцовых жыхароў сяліцца на ўзвышшы і будаваць часавыя сховішчы ў найбольш непрыдатнай для перасоўвання зоне. На Алікудзі захаваліся прыклады старой традыцыйнай архітэктуры, у тым ліку каменныя жытлы і прыстанкі для авечак з конусападобнымі дахамі. Да канца XVII ст. з-за частых рэйдаў востраў спусцеў. Зноў быў населены пасля 1600 г.
У XX ст. з-за эканамічных праблем назіралася эміграцыя тубыльцаў у Аўстралію і ЗША. Асновай сучаснай эканамічнай дзейнасці з'яўляюцца земляробства і аблугоўванне турыстаў. Алікудцы вырошчваюць на продаж масліны, вінаград і каперсы.