Аліна Шапачнікаў | |
---|---|
польск.: Alina Szapocznikow | |
Дата нараджэння | 16 мая 1926[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 сакавіка 1973[1][2][…] (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | скульптарка, артыстка, рысавальнік, фатографка, графік |
Жанр | абстракцыянізм |
Мастацкі кірунак | абстракцыянізм і феміністычнае мастацтва[d] |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аліна Шапачнікаў (польск.: Alina Szapocznikow; 16 мая 1926, Каліш, Польшча — 2 сакавіка 1973, Пасі, Францыя) — польскі скульптар і графік яўрэйскага паходжання.
Аліна Шапачнікаў нарадзілася 16 мая 1926 года ў горадзе Каліш ў сям'і ўрача. У час Другой сусветнай вайны з-за яўрэйскага паходжання была змешчана ў гета Пабяніцаў і Лодзі, затым знаходзілася ў канцлагерах Асвенцім, Берген-Бельзен і Тэрэзіенштат.
Пасля заканчэння вайны ў 1946—1947 гадах вучылася на скульптара ў Празе, першапачаткова ў майстэрні Отакара Велімскага, затым у Пражскай Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва. Дзякуючы стыпендыі, у 1947—1950 гадах працягнула вучобу ў парыжскай Нацыянальнай вышэйшай школе прыгожых мастацтваў, аднак з-за цяжкай хваробы яна была вымушана перапыніць вучобу і вярнуцца ў Польшчу.
У 1963 годзе Аліна Шапачнікаў ізноў пераехала ў Парыж. У 1969 годзе ў яе быў дыягнаставаны рак грудзі, і ў 1973 годзе яна памерла ў санаторыі Пра-Катанэ ў Пасі.
Яна была жонкай польскага гісторыка мастацтва Рышарда Станіслаўскага, іх сын Пётр жыве ў Францыі. Пасля разводу са Станіслаўскім яна выйшла замуж за польскага графіка Рамана Цяслевіча, з якім заставалася ў шлюбе да самай смерці.
Пражываючы ў Польшчы, яна стварала выразныя фігуратыўныя скульптуры, выкарыстоўваючы такія матэрыялы як бронза і камень. У Парыжы яна пачала эксперыментаваць з каляровымі злепкамі ўласнага цела ў поліэстэры і поліўрэтане. У апошнія гады жыцця на яе творчасці адбівалася ўсведамленне надыходзячай смерці.
Яе працы знаходзяцца ў экспазіцыі Музея сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, у Музея сучаснага мастацтва ў Лос-Анджэлесе, парыжскага Цэнтра Пампіду і лонданскай Галерэі Тэйт.