Амас Тутуола

Амас Тутуола
(yorùbá Ámósì Tutùọlá, англ. Amos Tutuola)
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 20 чэрвеня 1920 г.
Месца нараджэння Абеокута, Нігерыя
Дата смерці 8 чэрвеня 1997 г.
Месца смерці Ібадан, Нігерыя
Грамадзянства Нігерыя
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў англійская

Амас Тутуола (ёруба: Ámósì Tutùọlá, англ.: Amos Tutuola; 20 чэрвеня 1920 — 8 чэрвеня 1997) — нігерыйскі пісьменнік, вядомы казачна-фантастычнымі творамі, заснаванымі на фальклорных вобразах народа ёруба.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, бацькі, Чарльз і Эстэр Тутуола, вырошчвалі какаву. У сем гадоў пайшоў у школу Арміі Выратавання, куды яго паслаў гаспадар замест заработнай платы. У дванаццаць гадоў пайшоў у Цэнтральную англіканскую школу ў Абеокуце, аднак навучаўся ўсяго шэсць гадоў, бо па смерці бацькі павінен быў працаваць кавалём.

Будучы дзіцём, Тутуола слухаў казкі племені ёруба, якія расказвалі яго маці і цётка, а пазней і сам пачаў распавядаць гэтыя казкі другім людзям.

Падчас Другой сусветнай вайны працаваў у аэрадромным абслугоўванні Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі. Пасля вайны паспрабаваў адкрыць уласную кузню, але яму гэта не ўдалося. Пасля змяніў шмат відаў дзейнасці, уключаючы працу гандляра хлебам і пасыльнага.

Ў 1946 годзе за некалькі дзён напісаў сваю першую кнігу — «The Palm-wine Drinkard and His Dead Palm-wine Tapster in the Dead's Town».

У 1947 годзе ажаніўся з Вікторыяй Алаке, ад якой меў чатырох сыноў і чатырох дачок.

Пасля таго як напісаў тры кнігі і стаў сусветна вядомы, Тутуола пачаў працаваць у Нігерыйскай радыёвяшчальнай кампаніі, а таксама займаўся кніжным гандлем і кнігавыданнем. Ў 1983 годзе удзельнічаў у міжнароднай пісьменніцкай праграме Універсітэта штата Аёва (ЗША).

Памёр у чэрвені 1997 года ў Ібадане. Роберт Эліят Фокс, які дзяліў кабінет з пісьменнікам ва ўніверсітэце ў 1970 годзе, напісаў артыкул з успамінамі пра Тутуолу, называючы яго адным з найзначнейшых пісьменнікаў Афрыкі.

У слоўніку біяграфій літаратараў Амаса Тутуолу называлі найэксцэнтрычнейшым пісьменнікам у афрыканскай літаратуры. За сваё жыццё Тутуола напісаў дзевяць раманаў, у якіх незвычайнасць і камічнасць спалучаюцца з легендамі народа ёруба. Тутуола быў першым нігерыйскім пісьменнікам, які атрымаў міжнароднае прызнанне.

Першыя працы Тутуола не збіраўся друкаваць, але яму трапілася ў рукі ілюстраваная кніга, і ён патэлефанаваў у выдавецтва, каб прапанаваць да выдання свой рукапіс з фальклорнымі казкамі, ілюстраваны рысункамі лясных духаў. Хоць твор быў успрыняты спрыяльна, але ў той час яго не апублікавалі.

У 1950-х Тутуола ўбачыў рэкламаванне нігерыйскіх пісьменнікаў у адным з мясцовых часопісаў і вырашыў паслаць туды сваю працу. Праз пасрэдніцтва рукапіс дайшоў да лонданскага выдавецтва Faber and Faber і быў апублікаваны ў 1952 годзе. Гэта была кніга «The Palm-Wine Drinkard and His Dead Palm-Wine Tapster in the Dead's Town». Крытыкам твор спадабаўся.

Першая кніга Амоса Тутуолы неструктураванасцю тэксту нагадвае народныя казкі, што надае ёй асаблівае зачараванне. Сюжэт тыповы для казкі або міфа: герой, які зарабляе на жыццё тым, што п'е ў велізарных колькасцях пальмавае віно, раптам пазбаўляецца свайго вінароба і адпраўляецца ў пошуках Вінара (Palm-Wine Drinkard) у Горад мёртвых, па дарозе наведвае мноства гарадоў і мясцін, населеных рознымі чароўнымі персанажамі, аднак, у рэшце рэшт, яму ўдаецца ўдала вярнуцца дамоў. За тым часам у ягоным сяле пачаўся голад праз то, што неба і зямля паспрачаліся, хто з іх галоўнейшы. Герой ратуе сітуацыю і ўсё ўстае зноў на сваё месца.

Кніга прыцягнула ўвагу Дылана Томаса, у французскую яе пераклаў Раймон Кено (1953). Крытыкі параўноўвалі кнігу з апавяданнямі Прытчэта, з «Гуліверавымі падарожжамі» Свіфта і нават з Гамеравай «Адысеяй», яна ўвайшла ў лік ста найлепшых афрыканскіх кніг XX стагоддзя.

Усе творы Тутуолы аб'яднаны падобнай жа ўстаноўкай — герой выпраўляецца на шуканне чагосьці і гэта заводзіць яго ў лес, дзе ён сустракае мноства магічных персанажаў.

Хоць англійскім і амерыканскім крытыкам кніга спадабалася праз багатую фантазію аўтара, нігерыйскія інтэлектуалы сустрэлі кнігу халаднавата, уважаючы, што пісьменнік псуе вобраз краіны, малюючы яе «нецывілізаванай» у вачах Еўропы. Гэтакая рэакцыя не перашкодзіла Тутуолу пісаць і далей падобныя творы: «My Life in the Bush of Ghosts» (1954), «Simbi and the Satyr of the Dark Jungle» (1955) і «Feather Woman of the Jungle» (1962). У СССР іх пераклады ў рускую мову пад аўтарствам А. Кісцякоўскага выйшлі ў 1984 і 1988 гг.

«My Life in the Bush of Ghosts» (бел. прыблізна «Маё жыццё ў Лесе духаў» — гэта, скарэй, казка пра ініцыяцыю. Апавяданне вядзецца ад асобы сямігадовага хлопчыка, якога мачыха выгнала з дому, праз што ён вымушаны блукаць па лесе падчас племянной вайны. Страх заводзіць яго ў Лес духаў, дзе ён жыве дваццаць чатыры гады. Аднак гэта месца таксама поўнае гарадамі, каралямі і цэрквамі; у ім адбываюцца фэсты і цырымоніі, дзейнічаюць прыдворныя правілы. Герой нават мяркуе пасяліцца ў адным з такіх гарадоў са сваім мёртвым стрыечным братам, але ўсё ж надумвае вярнуцца ў свет жывых.

У «Simbi and the Satyr of the Dark Jungle» (1955) Тутуола рэпрэзэнтуе цікаўную дзяўчынку, якая хоча пабачыць, як жывуць іншыя. Сям'я перасцерагае Сімбі ад падарожжаў, але яна не слухаецца. Малую выкрадаюць, з чаго пачынаюцца яе няшчасці і прыгоды, у тым ліку і разам з магічнымі істотамі. Аднак дзяўчынцы ўдаецца заклікаць мёртвых на дапамогу і яна ўсё ж дабіраецца дадому, дзе перасцерагае сваіх сяброў ад непаслушэнства бацькам.

У рамане "The Witch-Herbalist of the Remote Town" (1980) расказваецца гісторыя паляўнічага і яго жонкі, якая не можа зацяжарыць. Паляўнічы адпраўляецца ў падарожжа, каб знайсці лекі. Праз шэсць гадоў ён знаходзіць іх у адной ведзьмы, але, стаміўшыся ад доўгай дарогі, выпівае частку лекаў сам.

Параўнанне са зборнікамі народных казак паказвае, што многія з Тутуолавых гісторый з'яўляюцца часткай фальклору ёруба. Гэты фальклор характарызуецца веданнем звышнатуральнага, яго сілы, пэўным пачуццём страху і гумару. Але прытым да народнай традыцыі пісьменнік дадаў і экзатычныя хрысціянскія, а таксама проста аўтарскія элементы. Аўтар багата эксперыментаваў з мовай: дадаваў новыя словы, перакладаў даслоўна фразеалагізмы, такім чынам змяняючы англійскую лексіку, сінтаксіс і нават арфаграфію.

У 1963-1967 годзе кампазітар ёруба Кола Агунмола напісаў оперу на аснове «The Palm-Wine Drinkard ».[1]

У СССР прозу Тутуолы перакладаў у рускую мову вядомы філолаг і праваабаронца Андрэй Кісцякоўскі. У 1973 годзе галоўная рэдакцыя ўсходняй літаратуры выдавецтва «Навука» АН СССР пад рэдакцыяй этнографа-афрыканіста В. А. Бейліса выпусціла яго пераклад рамана (або аповесці) «The Palm-Wine Drinkard» пад назвай «Путешествие в Город Мертвых», зроблены з англійскага выдання 1952 года. Пры гэтым другая частка назвы — «Пальмовый Пьянарь и его Упокойный Винарь» - з этычных прычын праз пачатую ў 1972 годзе антыалкагольную кампанію, у першым выданні была апушчана.

  • The Palm-Wine Drinkard (1946, published 1952)
  • My Life in the Bush of Ghosts (1954)
  • Simbi and the Satyr of the Dark Jungle (1955)
  • The Brave African Huntress (1958)
  • Feather Woman of the Jungle (1962)
  • Ajaiyi and his Inherited Poverty (1967)
  • The Witch-Herbalist of the Remote Town (1981)
  • The Wild Hunter in the Bush of the Ghosts (1982)
  • Yoruba Folktales (1986)
  • Pauper, Brawler and Slanderer (1987)
  • The Village Witch Doctor and Other Stories (1990)

Браян Іна і Дэвід Бірн назвалі свой альбом 1981 года «My Life in the Bush of Ghosts» па назве кнігі Тутуолы.

У 2015 годзе Таварыства маладых нігерыйскіх пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Воле Адэйдойна заснавала Літаратурнае таварыства Амаса Тутуолы, мэтай якога з’яўляецца прасоўванне і чытанне твораў пісьменніка[2].

У 2021 годзе Уіл Алекзандэр апублікаваў паэму «Based on the Bush of Ghosts», прысвечаную Тутуолу. Зборнік «Refractive Africa», у які яна ўвайшла, пазней быў уключаны ў спіс фіналістаў Пулітцэраўскай прэміі за паэзію[3].

Аднаго з персанажаў серыяла «Law & Order» завуць Адафін Тутуола. Паводле «The Palm-Wine Drinkard» Адафін — духоўны лідар ёруба.

  • [www.lib.ru/INPROZ/TUTUOLA / Амос Тутуола на www.lib.ru]
  • Амос Тутуола на КнигоСайте(недаступная спасылка)  (недаступная спасылка)
  • www.answers.com/topic/amos-tutuola
  • www.britannica.com/EBchecked/…/Amos-Tutu…