Амерыканка | |
---|---|
Месцазнаходжанне | Мінск, Беларусь |
Каардынаты | 53°53′56″ пн. ш. 27°33′12″ у. д.HGЯO |
Бягучы статус | следчы ізалятар |
Рэжым бяспекі | ўзмоцнены |
Колькасць месцаў | 34 |
Адкрыццё | 1920-я |
Знаходзіцца ў ведамстве | КДБ Беларусі |
Начальнік | Аляксандр Уладзіміравіч Арлоў |
«Амерыканка», афіцыйна Сле́дчы ізаля́тар КДБ Белару́сі (вядомая таксама як унутраная турма КДБ) — следчы ізалятар, размешчаны ва ўнутраным двары КДБ Беларусі па адрасе г. Мінск, пр. Незалежнасці, 17.
У СІЗА КДБ утрымліваюцца асобы, чые справы вядуць следчыя КДБ. Паводле артыкула № 182 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі да такіх адносяцца справы, датычныя дзяржаўных інтарэсаў. Асобы, затрыманыя супрацоўнікамі КДБ, таксама змяшчаюцца ў гэты ізалятар.
Турма была пабудавана ў 1920-я гады для ўнутраных патрэб беларускага АДПУ пазней выкарыстоўвалася НКУС, МДБ і КДБ БССР.
У 1946 годзе будынак быў рэканструяваны[1]. Да 1953 года будынак нароўні з Пішчалаўскім замкам з’яўлялася адным з месцаў, дзе прыводзіліся ў выкананне смяротныя прысуды. У прыватнасці, у перыяд сталінскіх рэпрэсій у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падвале будынка былі расстраляныя 52 дзеячы культуры і навукі БССР, абвінавачаныя ў антысавецкай дзейнасці.
Назву «амерыканка» ў народзе будынак ізалятара атрымаў за тое, што пабудаваны паводле амерыканскага прынцыпу «паноптыкум»[2]: усе камеры размяшчаюцца па коле, іх дзверы выходзяць у адзіны замкнёны калідор-галерэю.
Яшчэ адной з меркаваных прычын называюць тое, што план турмы нагадвае разметку табліцы рулеткі, а «амерыканка» — адзін з варыянтаў гульні ў яе.
Будынак ізалятара круглы, двухпавярховы. На паўпадвальным паверсе некалькі кабінетаў для допытаў. На першым паверсе душавы пакой, кухня, дапаможныя памяшканні. Вязні ўтрымоўваюцца на другім паверсе, які мае 18 камер, размешчаных па радыусе.
Камеры разлічаныя на розную колькасць асоб, максімум да 4 чалавек. Сумарная ўмяшчальнасць ізалятара — 34 чалавекі. Двухмясцовыя камеры па форме нагадваюць труну, звужаючыся ля дзвярэй і пашыраючыся да акна. Шырыня камеры ля дзвярэй 1,2 м, ля вакна — болей за два метры. Даўжыня камеры 5 метраў, вышыня — 3,5 м. Адна з камер абсталяваная пад карцар. У будынку СІЗА прыкладна 2—3 камеры прызначаны для ўтрымання жанчын. Вокны закратаваныя, большасць з іх выходзяць на сцены суседніх пабудоў.
Сантэхнікі ў большасці камер няма, за выняткам радыятара ацяплення. Вада знаходзіцца ў збане і зліваецца ў вядро. У тых камерах, дзе няма прыбіральні, вязняў выводзяць з камеры па патрабаванні. Ёсць таксама урна для смецця.
Па супрацьлеглых сценах размешчаныя тумбачкі і нары, ля акна маленькі стол і зэдлік.
Цэлы дзень вязні ў камерах знаходзяцца пад наглядам двух назіральнікаў, якія ходзяць вакол калідора, зазіраючы ў вочкі дзвярэй. Каб іх крокі былі нячутныя, падлога засланая дываном, а на нагах назіральнікаў тапачкі. Абодва назіральнікі знаходзяцца пастаянна адзін насупраць другога. Калі адзін з іх адчыняе камеру, другі мае магчымасць бачыць, што адбываецца ўнутры, і пры неабходнасці націснуць кнопку трывогі. Пры яе націсканні выклікаецца група антытэрору «Альфа», а электразамкі ўсіх дзвярэй турмы блакуюцца.
Для шпацыраў прызначаныя 5 унутраных дворыкаў, угары зацягнутых сеткай, адкуль за арыштантамі назірае надгляднік.
Для аказання медыцынскай дапамогі ўрач прыходзіць у камеры. Лячэнне зубоў адбываецца ў размешчаным побач медпункце КДБ, а ў выпадку неабходнасці сур’ёзнай меддапамогі — у шпіталі КДБ па вуліцы Макаёнка, 13.
Сустрэчы з адвакатамі адбываюцца ў асобных пакоях, дзе адвакаты і іх падабаронныя аддзеленыя двума шкламі з маленькімі адтулінамі, зрабіць перадачу праз якія немагчыма.
СІЗА КДБ адрозніваецца лепшым узроўнем утрымання вязняў у параўнанні з СІЗА МУС РБ («Валадаркай»), але і большай ізаляцыяй і пастаянным назіраннем. Пасля таго, як неабходнасць у строгай ізаляцыі адпадае, арыштаваных могуць пераводзіць у СІЗА МУС.
Паводле вязняў КДБ, катаванні на допытах не практыкуюцца. Аднак некаторыя выказваліся пра «рэзкае змяненне псіхічнага стану, жаданне выгаварыцца» пасля выпітай гарбаты, якая «мела незвычайны прысмак» (глядзіце таксама «сываратка праўды»).
Глядзі таксама Спіс дзеячаў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года