Ампліту́да – найбольшае адхіленне ад нулявога значэння велічыні, якая ажыццяўляе гарманічныя ваганні. Інакш кажучы, амплітуда вызначае размах ваганняў. Вагальная велічыня дасягае свайго амплітуднага (г.зн. найбольшага) значэння адзін раз цягам кожнага паўперыяду ваганняў.
У гарманічных ваганнях амплітуда з'яўляецца пастаяннай велічынёй. Аднак тэрмін «амплітуда» часта ўжываюць у шырэйшым сэнсе – у адносінах да велічынь, якія змяняюцца па законе, больш ці менш блізкім да гарманічнага (напр., амплітуда крывянога ціску), а часам да ваганняў, ад гарманічных зусім далёкіх (напр., амплітуда гадавой тэмпературы).