Анамастыка

Анамастыка (ад грэч. onomastike — майстэрства даваць імёны) — раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны і геаграфічныя назвы.

Анамастыка вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання, а таксама сукупнасць уласных імён — анімію, анамастыкон. Уласныя імёны мастацкіх твораў даследуе паэтычная анамастыка. Раней замест тэрміна анамастыка ўжываўся тэрмін тапанамастыка. Спецыфіка прадмета анамастыкі ў тым, што яго вывучэнне выходзіць за межы мовазнаўства і патрабуе ўліку гістарычных, геаграфічных, сацыяльна-эканамічных і іншых фактараў.

Асноўныя і найбольш распрацаваныя раздзелы анамастыкі — тапаніміка, якая вывучае ўласныя назвы геаграфічных аб’ектаў (Беларусь, Палессе, рака Вілія, вуліца Петруся Броўкі і інш.) і антрапаніміка — уласныя імёны людзей (Адам, Сафрон, Францыск Скарына, Рыгор Раманавіч Шырма).

Да анамастыкі адносяцца:

  • тэаніміка — уласныя імёны багоў і міфічных істот (Вялес, Дажбог, Хорс, Ярыла);
  • зааніміка — мянушкі жывёл (Падласая, Жучка, Зорка, Лыска, Мурка);
  • касманіміка — назвы галактык, сузор’яў галактыкі Марфей 1, Марфей 2; сузор’і Вялікая Мядзведзіца, Геркулес, Дракон, Казярог);
  • астраніміка — назвы асобных нябесных цел (планеты Зямля, Марс, Меркурый, Венера, Сатурн; зоркі Галава Гаргоны, Сэрца Гідры, Атлас, Яслі; астэроіды Ангеліна, Сільвія; каметы Бакулунда, Клемола);
  • хрэматонімы — уласныя назвы ўнікальных, каштоўных прадметаў матэрыяльнай культуры, назвы музычных інструментаў, ювелірных вырабаў, каштоўных камянёў і інш. («Цар-птушка», «Шапка Манамаха», алмазы «Зорка Поўдня», «Рэгент», залатыя самародкі «Вярблюд», «Мефістофель»);
  • ктэматонімы — найменні прадпрыемстваў і прадуктаў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці (фабрыка «Камунарка», цукеркі «Грыльяж», выдавецтва «Юнацтва», раман «Сотнікаў»);
  • фітонімы — уласныя назвы асобных раслін (ружа «Шапэн», слівы «Эма Ліперман», секвоя «Сентынел»);
  • хранонімы — уласныя назвы гістарычна знамянальных адрэзкаў часу, гадавых цыклаў прыроды (Вялікая Айчынная вайна, Пятроўская эпоха, Ялцінская канферэнцыя, Новы год, «бабіна лета»);
  • эргонімы — уласныя назвы прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, гурткоў («Беларусьфільм», камбінат «Праўда», ансамбль «Песняры»);
  • анемонімы — уласныя назвы стыхійных бедстваў, ураганаў, цыклонаў, тайфунаў, вятроў (ураганы Аліса, Флора, цыклон Даліла, тайфун Глорыя);
  • дакументонімы — уласныя назвы асобных, найбольш важных дакументаў(«Дэкрэт аб міры», «Устава на валокі», Кітабы);
  • драмонімы — уласныя назвы шляхоў зносін (шлях «з варагаў у грэкі», Даўгінаўскі тракт, авіялінія Мінск-Варшава).

Сучасную навуку пра ўласныя імёны нельга ўявіць без паэтычнай (літаратурна-мастацкай) анамастыкі, якая стала арганічнай часткай і спецыяльным раздзелам анамастыкі ў цэлым. Мастацкая літаратура з’яўляецца адной з важных сфер функцыянавання розных відаў уласных імён. Імя ў мастацкім тэксце — больш складаная адзінка, чым звычайны онім. Асаблівая прырода ўласных імён мастацкага твора вымагае выкарыстання асаблівага тэрміна для іх называння. Апошнім часам у лінгвістыцы і літаратуразнаўстве ўсё часцей ужываецца тэрмін паэтонім. «Паэтонім — уласнае імя, выкарыстанае пісьменнікам у яго творы (у назве ці ў самім тэксце)». Трапіўшы у мастацкі тэкст, імя, як правіла, ускладняе сваю зместавую структуру, набываючы дадатковыя сэнсавыя адценні за кошт пашырэння асацыятыўных сувязей. Дзякуючы гэтаму паэтонімы не проста вылучаюць, ідэнтыфікуюць аб’екты навакольнага свету, а характарызуюць, ацэньваюць з’явы, выказваюць аўтарскія адносіны да аб’ектаў характарыстыкі, дапамагаюць пісьменніку ствараць мастацкія вобразы.

Уласныя імёны, іх паходжанне і гісторыя цікавілі чалавецтва з даўніх часоў. Аднак навуковы падыход да іх — з’ява адносна нядаўняя. Пачатак ім паклаў нямецкі вучоны В. Гумбальт (1767—1835). У Расіі прыхільнікам гэтага кірунку быў А. Х. Вастокаў (1781—1864). Асобныя рускія і беларускія вучоныя ўжо ў сярэдзіне 19 ст. разумелі важнасць уласных імён для вызначэння гістарычных межаў рассялення славян і суседніх з імі народаў (А. Кіркор, А. А. Качубінскі, А. Л. Пагодзін). Больш высокі этап у развіцці ўсходнеславянскай анамастыкі звязаны з імёнамі А. А. Шахматава (1864—1920) і А. І. Сабалеўскага (1857—1929) і нашых землякоў З. Я. Тараноўскага і Ю. Ю. Трусмана. І ўсё ж асноўная частка даследаванняў гэтага перыяду не ўзнялася вышэй за ўзровень прыватных назіранняў і заўваг. Сістэмны, навуковы характар вучэнне пра ўласныя імёны набыло толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, калі з’явілася шмат спецыяльных выданняў, былі выпрацаваны прынцыпы анамастыкі як самастойнай навуковай дысцыпліны.

Беларускую анамастычную школу засанаваў акадэмік АН Беларусі М. В. Бірыла. Вывучаюцца два класы анамастычнай лексікі — антрапонімы і тапонімы, (айконімы, гідронімы, мікратапонімы, урбонімы). Даследчыкі засяроджваюць увагу на сукупнасці тых ці іншых класаў уласных імён у межах пэўных тэрыторый (рэспублікі, вобласці, басейна ракі і інш.), а таксама на асобных тыпах уласных імён, вылучаных на аснове агульнасці словаўтваральнай або семантычнай прыкметы. Так, у працах «Беларуская антрапанімія» Бірылы, «Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны 14-18 стст.» Г.К.Усціновіч высвятляецца паходжанне старажытных і сучасных беларускіх асабовых імён, імён па бацьку і прозвішчаў, а ў працах «Тапаніміка Беларусі» і «Вуліцы помняць» В. А. Жукевіча, «Беларуская айканімія» В. П. Лемцюговай даследуецца паходжанне, станаўленне і развіццё ўласных назваў паселішчаў, вуліц, прыродных і гаспадарчых аб’ектаў.

Паэтычная анамастыка

[правіць | правіць зыходнік]

Паэтычная анамастыка — асобны від анамастычных даследаванняў, які заключаецца ў аналізе ўжывання імён у пэўных літаратурных творах.

Уласныя імёны, ужытыя ў мастацкіх тэкстах, атрымалі назву паэтонімаў.

Адбор і стварэнне ўласных імён у мастацкім тэксце, як правіла, носіць невыпадковы характар і адбываецца ў адпаведнасці з пэўнымі ідэйна-эстэтычнымі задачамі аўтара. Сістэма паэтонімаў у тэксце адыгрывае значную ролю ў вызначэнні аўтарскага ідыястылю, аўтарскай карціны свету. Значнасць імёнаў уласных у паэтычных і празаічных творах пацвярджаецца наяўнасцю спецыяльных слоўнікаў уласных імёнаў, якія ужываюцца ў мастацкіх тэкстах пэўных аўтараў.

Вылучаюцца літаратурныя антрапонімы, тапонімы і інш.

Літаратурныя антрапонімы валодаюць наступнымі функцыямі:

  • дыферэнцыяльная — адрозніваць розных герояў
  • сацыяльная функцыя — указвае на месца персанажа ў грамадскай іерархіі
  • культурна-гістарычная — любое асабовае імя адпавядае спецыфіцы антрапаніміі часу і этнічнай прасторы, якія выяўляюцца.
  • эстэтычная (мастацкая) — абраны моўны факт служыць для наймення мастацкага вобраза-характару; дазваляе выяўляць суб'ектыўныя адносіны да персанажа
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.
  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / Б. І. Сачанка (нав.рэд.) [ і інш.]. Мінск: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1994. — 653 с.
  • Беларуская антрапанімія: вучэб. дапам. / Г. М. Мезенка