Андрас | |
---|---|
грэч. Άνδρος | |
Характарыстыкі | |
Плошча |
|
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
37°51′ пн. ш. 24°53′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Кіклады |
Акваторыя | Эгейскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
А́ндрас (грэч. Άνδρος) — адзін з Кікладскіх астравоў. Уваходзіць у склад Грэцыі. Плошча — 374 км². Насельніцтва — 9 221 чал. (2011 г.)
Востраў Андрас знаходзіцца ў Эгейскім моры ў 11 км на паўднёвы ўсход ад вострава Эўбея, у 82 км на ўсход ад Афін, сталіцы Грэцыі. Выцягнуты з паўночнага захада на паўднёвы ўсход на 39,2 км. Найбольшая шырыня — 16,83 км.
Востраў Андрас перасечаны некалькімі горнымі хрыбтамі са стромкімі схіламі, паміж якімі знаходзяцца даліны, годныя для земляробства. Найвышэйшы пункт — 994 м. Берагі пераважна скалістыя, аднак маюцца некалькі бухт і пляжаў. Поўнач вострава падняты, выдатна затрымоўвае вільготныя вятры, таму тут часцей ідуць дажджы, шмат зеляніны, растуць лясы. Востраў славіцца крыніцамі прэснай вады, у тым ліку мінеральнай.
На востраве Андрас археолагамі выяўлены рэшткі старажытнай Кікладскай культуры. У пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. ён быў населены іанійцамі, якія стварылі на ім поліс з цэнтрам у горадзе Палеаполіс. Жыхары антычнага Андраса традыцыйна прытрымліваліся саюзных адносін з Афінамі. У 338 г. да н. э. удзельнічалі ў вайне з македонцамі, але пасля паражэння падпарадкаваліся Македоніі. У 129 г. да н. э. Андрас быў заваяваны рымлянамі. У сярэднявеччы ўваходзіў у склад Візантыі і Венецыянскай рэспублікі.
У 1579 г. востраў Андрас стаў часткай Асманскай Порты, андрасцы атрымалі шэраг прывілегій для занятку транзітным гандлем. Гандлёвыя падаткі складалі важную частку прыбыткаў дзяржаўнага скарба. Асманскія ўлады не забаранялі распаўсюджванне праваслаўя, якое спавядалі мясцовыя жыхары, і Андрас да сярэдзіны XIX ст. ператварыўся ў важны рэлігійны і культурны цэнтр астраўной Грэцыі.
10 мая 1821 г. на востраве ўспыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Яно прывяло да далучэння Андраса да незалежнай грэчаскай дзяржавы. Да I Сусветнай вайны Андрас заставаўся адным з найбольш важных эканамічных рэгіёнаў Эгейскага мора.
Востраў Андрас складае асобную адміністрацыйную адзінку ў складзе Грэцыі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Андрас. Галоўныя галіны эканомікі — сельская гаспадарка (вырошчванне апельсінаў, масліны, абрыкосаў і інш.) і турызм. Працуюць марскі порт і аэрапорт.