«Апакаліпсіс сёння» (англ.: Apocalypse Now) — мастацкі фільм, пабудаваны на тэме вайны ў В’етнаме, зняты Фрэнсісам Фордам Копалам па сцэнарыі самога Копалы, Джона Міліуса і Майкла Гера. Адпраўным пунктам для сцэнарыстаў паслужыла аповесць Джозефа Конрада «Сэрца цемры» (1902). Фільм быў удастоены прэміі «Оскар» за найлепшую аператарскую працу і найлепшы гук, а на Канскім фестывалі падзяліў «Залатую пальмавую галіну» са стужкай Ф. Шлёндорфа «Бляшаны барабан». «Я ўпэўнены, што стварыў твор мастацтва і не мог зрабіць лепш», — сказаў Фрэнсіс Копала аб «Апакаліпсіс».
Галоўная сюжэтная лінія фільма — аповед пра капітана спецназа Уіларда, пасланага ў джунглі Камбоджы, каб ухіліць звар’яцелага палкоўніка Курца, які камандуе атрадам з мясцовых жыхароў і абвінавачваецца ў забойстве некалькіх патрэбных амерыканскаму ўраду в’етнамцаў. Падчас падарожжа з Уілардам адбываецца шмат дзіўных падзей, і пад уздзеяннем навакольнага становішча ён па меры набліжэння да мэты паступова губляе адчуванне рэальнасці і перастае разумець, што яму рабіць далей.
У галоўных ролях выступілі Марцін Шын, які сыграў капітана Уіларда, і Марлан Бранда ў ролі палкоўніка Курца. У ліку іншых яркіх персанажаў — напаўвар’ят фотажурналіст-філосаф у селішчы Курца ў выкананні Дэніса Хопера і эксцэнтрычны камандзір «паветранай кавалерыі» падпалкоўнік Кілгар у выкананні Роберта Дзюваля. У эпізадычных ролях былі занятыя такія акцёры, як Харысан Форд, Скот Глен і Лорэнс Фішберн.