Апалон-11 | |||||
Эмблема | |||||
---|---|---|---|---|---|
Палётныя даныя карабля | |||||
Ракета-носьбіт | Сатурн-5 SA-506 | ||||
Стартавая пляцоўка | Касмічны цэнтр Кенэдзі комплекс 39А, Фларыда, ЗША | ||||
Запуск | 16 ліпеня 1969 13:32 UTC | ||||
Пасадка | 24 ліпеня 1969 20:17:39 UTC | ||||
Працягласць палёту | 8 дзён 3 гадзіны 18 хвілін 18 секунд | ||||
Маса | камандны модуль 28 806 кг месяцавы модуль 15 095 кг | ||||
NSSDC ID | 1969-059A | ||||
NORAD ID | 04039 | ||||
Палётныя даныя экіпажа | |||||
Членаў экіпажа | 3 | ||||
Пазыўны | «Калумбія» («Columbia») «Арол» («Eagle») | ||||
Фатаграфія экіпажа | |||||
злева направа: Ніл Армстранг, Майкл Колінз, Баз Олдрын | |||||
Звязаныя экспедыцыі | |||||
|
«Апало́н-11» (англ.: Apollo 11) — пілатуемы касмічны карабель серыі «Апалон», падчас палёту якога 16—24 ліпеня 1969 года людзі ўпершыню ў гісторыі здзейснілі пасадку на паверхню іншага нябеснага цела — Месяца.
20 ліпеня 1969 года, у 20:17:39 UTC камандзір экіпажа Ніл Армстранг і пілот Эдвін Олдрын пасадзілі месяцавы модуль карабля ў паўднёва-заходнім раёне Мора Спакою. Яны заставаліся на паверхні Месяца на працягу 21 гадзіны 36 хвілін і 21 секунды. Увесь гэты час пілот каманднага модуля Майкл Колінз чакаў іх на калямесяцавай арбіце. Астранаўты здзейснілі адзін выхад на паверхню Месяца, які працягваўся 2 гадзіны 31 хвіліну 40 секунд. Першым чалавекам, які ступіў на Месяц, стаў Ніл Армстранг. Гэта адбылося 21 ліпеня, у 02:56:15 UTC. Праз 15 хвілін да яго далучыўся Эдвін Олдрын.
Астранаўты ўстанавілі на месцы пасадкі сцяг ЗША, размясцілі камплект навуковых прыбораў і сабралі 21,55 кг узораў месяцовага грунту, якія былі дастаўлены на Зямлю. Пасля палёту члены экіпажа і ўзоры месяцовай пароды прайшлі строгі каранцін, які не выявіў ніякіх небяспечных для чалавека мікраарганізмаў. Паспяховае выкананне праграмы палёту «Апалона-11» азначала дасягненне нацыянальнай мэты, пастаўленай Прэзідэнтам ЗША Джонам Кенэдзі ў маі 1961 года — да канца дзесяцігоддзя ажыццявіць высадку на Месяц, і адзначыла перамогу ЗША ў месяцовай гонцы з СССР[1].