Апендыкулярыі (Appendicularia) — клас маленькіх марскіх жывёл, якія належаць да абалоннікаў.
Каля 100 відаў. Жывуць ва ўсіх морах і акіянах у паверхневых слаях вады. Авальнае, празрыстае цела мае доўгі хвост. Цела даўжынёй 0,3 мм — 2,5 см, з тулава і хваста, свеціцца. Маюць хорду, спінны нервовы цяж і мускульныя клеткі, сэрца. Знаходзяцца ў студзяністым празрыстым «доміку», які могуць скідваць. Рухамі хваста праганяюць ваду праз фільтрацыйны апарат. У глотцы пара шчэлепных адтулін (стыгмы).
Жывяцца мікраарганізмамі, у асноўным планктонам.
Гермафрадыты. Размнажэнне палавое. Яйцы трапляюць у ваду пасля разрыву сценкі цела, і апендыкулярыі гінуць.