Араторыя

Араторыя
Дата заснавання / стварэння 1700-я
Выява
Краіна паходжання
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Араторыя (лац.: oratorium, італ.: oratorio) — буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімфанічнага аркестра пераважна эпіка-драматычнага характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драматычным дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 1617 стагоддзяў у Італіі. На пачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або антычныя сюжэты. Росквіт жанру ў 18 стагоддзі звязаны з творчасцю Г. Ф. Гендэля, які стварыў класічны тып манументальнай героіка-эпічнай араторыі, і І. С. Баха, пасіёны якога насычаны глыбокім філасофскім зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нацыянальных культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 стагоддзі адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

Араторыя ў беларускай музыцы

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай музыцы першыя араторыі створаны у 1930-я гады (блізкая да араторыі вакальна-сімфанічная паэма «Над ракою Арэсай» М. Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Яўгена Цікоцкага).

У 1960-я гады напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С. Картэса, «Званы» Я. Глебава, «Мы—беларусы» К. Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана) Дзмітрыя Смольскага.

З 1970-х гадоў беларускія араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найбольш значных — «Мая радзіма» Дз. Смольскага, «Свяці, зара» Я.Глебава, «Зямля Беларусі» У. Дарохіна, «Памяці паэта» С. Картэса, «Памяць Хатыні» В. Войцека, «Хатынь» К. Цесакова.

У 1980-1990-х гадах створаны «Бітва за Беларусь» А. Багатырова, «Лісткі з календара» А. Залётнева, «сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л. Шлег, «Зорка паэта» Э. Наско, «Беларускае вяселле» К. Цесакова і інш.

Большасць беларускіх араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадзянскім пафасам. Для іх уласціва апора на беларускую паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці беларускага музычнага фальклору, увядзенне нацыянальных інструментаў.

У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у тым ліку прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя мастацкім мэтам.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 552 с.: іл.