Міжнародная палярная экспедыцыя | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Склад | |||||||||||
| |||||||||||
Страты | |||||||||||
19 чалавек: 1 расстраляны, 1 сканаў ад наступстваў ампутацыі адмарожаных канцавін, 1 патануў, 16 загінулі ад голаду і знясілення |
Аркты́чная экспеды́цыя Гры́лі 1881—1884 гадоў; іншыя назвы: Экспеды́цыя ў залі́ў Лэ́дзі-Фра́нклін (англ.: Lady Franklin Bay Expedition), афіцыйная назва — Міжнаро́дная паля́рная экспеды́цыя (англ.: International Polar Expedition) — амерыканская навукова-даследніцкая экспедыцыя на Канадскі Арктычны архіпелаг пад кіраўніцтвам лейтэнанта Адольфа Вашынгтона Грылі. Экспедыцыя была арганізавана ваенным ведамствам ЗША ў рамках першага Міжнароднага палярнага года . Яе мэтай было стварэнне метэаралагічнай станцыі на поўначы Канадскага Арктычнага архіпелага і правядзенне метэаралагічных, астранамічных і магнітных назіранняў, а таксама геалагічных і геадэзічных прац. Экспедыцыя планавалася на два гады. Заданні, пастаўленыя экспедыцыі, былі выкананы. У выніку санкавых паходаў трое яе ўдзельнікаў дасягнулі самай паўночнай на той час шыраты 83°24' на 40° з. д. (на тры хвіліны паўночней шыраты, дасягнутай Альбертам Маркемам з Брытанскай экспедыцыі Джорджа Нэрса ў 1876 годзе). З-за складанага лёдавага становішча ў праліве Кенэдзі ўлетку 1882 і 1883 гадоў судны падтрымкі не змаглі дайсці да базы палярнікаў — параход «Нептун» быў змушаны вярнуцца ў порт, а параход «Пратэус» апынуўся ў лёдавым палоне і затануў. Палярнікам у надзеі на выратаванне ў жніўні — кастрычніку 1883 года давялося самастойна прабірацца на поўдзень, а потым пры вельмі бедных запасах харчу правесці змушаную зімоўку на востраве Пім , падчас якой ад голаду і знясілення загінулі 18 з 25 удзельнікаў экспедыцыі. Сем выжылых (адзін з якіх пазней сканаў), у тым ліку кіраўнік экспедыцыі, былі выратаваны 22 чэрвеня 1884 года. Экспедыцыя Грылі лічыцца адной з найболей трагічных у гісторыі палярных даследаванняў[1].