Ароннік плямісты (Arum maculatum) — кветкавая расліна сямейства ароннікавых.
Прыстасаваны для апылення мяснымі, падлавымі і гноевымі мухамі (спосаб апылення — сапраміяфілія). У расліны цёмныя лісты, брудна-чырвонае, часта плямістае пакрывала. Расліна паспяхова іміціруе колер субстрату, у які адкладваюць яйкі яго апыляльнікі. Па агульным знешнім выглядзе расліна нагадвае кавалак гніючага мяса. Гэтае ўражанне ўзмацняецца смярдзючым пахам, які выдзяляе верхняя частка (дадатак) пачатка. Кветкі сабраны ў суквецце пачатак, які ахоплены пакрывалам. У ніжняй частцы пачатка размешчаны жаночыя кветкі з рыльцавымі валаскамі, якія выдзяляюць салодкую вадкасць і прывабліваюць насякомых; сярэдняя частка пачатка (стэрыльная зона) занята рэдукаванымі тычынкамі ў выглядзе разгалінаваных валаскоў, накіраваных уніз, і перашкаджаюць насякомым выбрацца з суквецця; вышэй па восі пачатка размяшчаюцца мужчынскія кветкі. Ягады расліны атрутныя[1].
Расце ў вільготных шыракалістых лясах Заходняй Еўропы.
Цвіценне кветак у аронніка працякае ў дзве фазы: жаночую і мужчынскую. Назіраецца гейтанагамія — апыленне і апладненне ў межах адной расліны, сваімі ўласнымі рэсурсамі.
Зманутыя прыманкай мухі і мошкі ляцяць да суквецця. У спадзяванне адкласці яйкі ў падыходзячы субстрат яны запаўзаюць унутр суквецця і аказваюцца ў пастцы. Насякомыя не могуць утрымацца ў верхняй частцы суквецця на ўнутранай паверхні пакрывала са слізкімі вырастамі-сасочкамі і саскальзваюць уніз да асновы суквецця. Паўзці ўверх ім перашкаджае слізкая паверхня пакрывала, пры гэтым выхад з суквецця закрыты накіраванымі ўніз разгалінаванымі валаскамі (відазмененымі стэрыльнымі кветкамі). Вымушаныя знаходзіцца ў асновы суквецця насякомыя поўзаюць сярод жаночых кветак і паядаюць выдзяляемую на рыльцавых валасках салодкую вадкасць. Адначасова яны апыляюць кветкі, калі перад наведваннем гэтага суквецця іх цельцы ўжо былі абсыпаны пылком. Прыкладна праз суткі рыльцы падсыхаюць, унутраныя сценкі пакрывала страчваюць тургар, і слізкія сасочкі на іх паверхні ўжо не перашкаджаюць насякомым карабкацца наверх. На сваім шляху да выхаду насякомыя прапаўзаюць праз зону ўскрытых пыльнікаў тычынак, таму што расліна ўступіла ў мужчынскую фазу цвіцення, і на цельцы насякомых пападае пылок. Абсыпаныя пылком насякомыя бесперашкодна выбіраюцца наверх; стэрыльныя кветкі, якія раней закрывалі выхад з суквецця, цяпер ужо падвялі і не служаць перашкодай. Выйшаўшы з суквецця, насякомыя ляцяць да наступнага аронніка, пападаюць у яго суквецце і апыляюць кветкі.
Зноскі
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6