Артотрыхум Лаеля (Orthotrichum lyellii) — від зялёных імхоў сямейства Артотрыхавыя (Orthotrichaceae).
Дзернавінкі падушкападобныя, рыхлыя, цёмна-зялёныя, 2—5 см вышынёй. Сцёблы простыя або разгалінаваныя. Лісце з прадаўгаватай асновы лінейна-ланцэтнае, доўга і рэзка завостранае, кіляватае, на верхавінцы няроўназубчастае. Жылка простая, заканчваецца перад верхавінкай ліста або ў ёй. Клеткі ўверсе ліста акруглыя ці прадаўгаватыя, патоўшчаныя, з папіламі, каля асновы жылкі лінейныя. Каробачка на кароткай ножцы, пагружаная або выступае з перыхэцыя, падоўжана-яйкападобная, з 8 палоскамі і паверхневымі вусцейкамі. Перыстом двайны. Вечка з дзюбкай. Каўпачок рэдка валасісты.
Пашырэнне: Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, Паўночная Афрыка, захад Паўночнай Амерыкі. Ва Усходняй Еўропе трапляецца толькі ў паўночна-заходніх раёнах. У Беларусі выяўлены ў ізаляваных лакалітэтах на мяжы еўрапейскага фрагмента арэала. Расце на ствалах лісцевых дрэў і на зацененых бетонных збудаваннях.
Спараносіць летам. Вегетатыўна размнажаецца лістароднымі вывадковымі цельцамі, простымі ці разгалінаванымі, булавападобнай або цыліндрычнай формы.
Зноскі
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5
- Пульвигера Лайелля: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)