Артэмія (Artemia salina) — від шчэлепаногіх ракападобных.
Цела паўпразрыстае, адносна шырокае, з 11 пар ног. Памеры могуць дасягаць 1,5 см. Лістападобныя канечнасці выконваюць функцыі дыхання і падгону ежы. Антэны ў самца ператвораны ў хапальныя органы і служаць для ўтрымання самкі ў час спарвання.
Рачок жыве ў марскіх ліманах і плыткіх салёных азёрах стэпавай і паўпустыннай зон Еўразіі, дзе можа дасягаць даволі высокай колькасці. Раней Artemia salina лічылася касмапалітам, аднак храмасомны аналіз выявіў комплекс больш чым з шасці відаў[1].
У залежнасці ад салёнасці вады рачкі, што жывуць у розных вадаёмах, адрозніваюцца знешнім выглядам. Чым вышэйшая канцэнтрацыя солей у вадзе, тым менш выражаны ў іх прыдаткі ў задняй частцы цела. Таксама ўзровень салёнасці ўплывае на суадносіны даўжынь груднога і брушнога аддзелаў цела і ступень развіцця антэн.
Кормяцца мікраскапічнымі водарасцямі. Пры недахопе водарасцей рачкі каламуцяць донны асадак і адфільтроўваюць з яго бактэрый.
Акрамя палавога размнажэння для іх характэрны таксама і партэнагенез.
Лёгка разводзіцца ў акварыумах, выкарыстоўваецца як корм для дэкаратыўных і прамысловых відаў рыб.
Зноскі
- ↑ Круглова О. Ю. Класс Crustacea — Ракообразные: метод. рекомендации. В 2 ч. Ч. 1. Низшие ракообразные — Мн.: БГУ, 2014. — С 9.
- Жизнь животных. — 2-е изд. — М.: Просвещение, 1988. — Т.2. — 447 с.