Арфей | |
---|---|
стар.-грэч.: Ὀρφεύς | |
![]() Статуя Арфея III ст. н. э. у музеі Рыміні | |
музыкант-мудрэц, арганаўт | |
Міфалогія | Старажытнагрэчаская |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Эагр |
Маці | Каліопа |
Браты і сёстры | Linus[d] |
Жонка | Эўрыдыка |
![]() |
Арфе́й (стар.-грэч.: Ὀρφεύς) — адзін з найбольш папулярных герояў старажытнагрэчаскай міфалогіі, таленавіты музыкант, арганаўт, заснавальнік рэлігійных арфічных містэрый.
У старажытнагрэчаскай міфалогіі Арфей лічыўся сынам фракійскага рачнога бога Эагра (па іншай версіі — Апалона) і музы Каліопы[1]. Грэчаскія лагаграфы сцвярджалі, што Арфей паходзіў з Фракіі і жыў за 11 пакаленняў да Траянскай вайны. Эліністычныя аўтары падлічылі, што міфічны Арфей сутыкаецца з прадстаўнікамі некалькіх пакаленняў, таму прапанавалі версію, што ў мінулым існавала некалькі герояў з імем Арфей.
У грэчаскім мастацтве Арфей першапачаткова маляваўся ў лёгкай вопратцы, з арфай, часам у фракійскіх ботах. З IV ст. да н. э. вядомы выявы Арфея ў фрыгійскім капелюшы. У адным з міфаў выступаў як настаўнік Мідаса, валадара Фрыгіі[2].
У старажытнагрэчаскай міфалогіі вобраз Арфея шчыльна звязаны з Апалонам, чыім каханым ён быў[3] і якога герой шанаваў як бога сонца, а таксама з бажаствамі смерці[4]. Але ў класічную пару Арфей успрымаўся перадусім як таленавіты музыкант. Лічылася, што арфу вынайшаў Гермес, але Арфей удасканаліў яе. Яго музыка зачароўвала людзей, багоў, жывёл, расліны і нават скалы. Сваё дзяцінства ён правёў у Піплеі каля гары Алімп.
Згодна паданню, першую залатую арфу Арфей атрымаў ад Апалона[5]. Яго маці, муза Каліопа, навучыла хлопчыка складаць вершы і спяваць. У пазнейшы перыяд таксама сцвярджалася, што Арфей жыў і вучыўся ў Егіпце[6].
Арфей з’яўляўся адным з арганаўтаў, герояў, якія на чале Ясона на караблі «Арго» адправіліся з Грэцыі ў Калхіду на пошукі залатога руна. Яго ўнёсак у экспедыцыю выявіўся падчас сутычкі з сірэнамі, якія прыгожымі спевамі вабілі маракоў да скал. Арфей пачаў іграць на арфе, каб заглушыць небяспечныя спевы. Толькі адзін з арганаўтаў паддаўся спакусе і скочыў за борт[7]. Цікава, што адна з найстаражытнейшых выяў Арфея ў Дэльфах — гэта барэльеф, на якім Арфей выступае як арганаўт.
Жонкай Арфея стала дрыяда Эўрыдыка. Але іх шлюб быў кароткім. Калі маладая жанчына басанож ішла разам з іншымі дзяўчынамі, яе укусіла змяя. Эўрыдыка памерла. Арфей вырашыў выратаваць каханую і спусціўся ў замагільны свет, дзе кіравалі Аід і Персефона.
Багі замагільнага свету спакусіліся на прыгожы спеў Арфея і дазволілі яму забраць Эўрыдыку ў свет жывых. Але пры гэтым паставілі ўмову, што цень Эўрыдыкі будзе ісці за Арфеям, а ён ні воднага разу не азірнецца. Падчас вандроўкі назад Арфей вырашыў пераканацца, ці разам з ім яго жонка. Ён азірнуўся і толькі паспеў пабачыць зманлівы сілуэт. Эўрыдыка развіталася і знікла.
Багі адмовілі Арфею спускацца ў замагільны свет яшчэ раз. Ён вярнуўся самотным і адправіўся блукаць па палях Фракіі[8]. Паводле Авідзія, пасля канчатковай страты Эўрыдзікі расчараваўся ў жаночым каханні і навучыў фракійцаў каханню да юнакоў[9].
У міфалогіі існуе некалькі версій смерці Арфея. Найбольш папулярная апавядае пра тое, што ён быў разадраны вакханкамі — прыхільніцамі Дыяніса, ці то за тое, што адмаўляўся шанаваць бога віна (як і ўсіх астатніх багоў, акрамя Апалона), ці то за тое, што адмовіўся ўдзельнічаць у іх рытуалах. Вакханкі былі пакараны Дыянісам. З тых часоў фракійскія жанчыны былі вымушаны татуіраваць сваё цела. У іншых версіях, Арфей загінуў ад маланкі або скончыў жыццё самазабойствам, каб злучыцца з Эўрыдыкай. Зеўс ў памяць аб Арфеі памясціў яго музычны інструмент на неба. Так узнікла сузор'е Ліра. Сам Арфей атаясамляўся з сузор’ем Лебедзь.
У Старажытнай Грэцыі Арфей лічыўся заснавальнікам (або прысвечаным) самафракійскіх містэрый.
Паводле падання, яго галава, адарваная вакханкамі, спусцілася па рацэ да мора. Хвалі прыбілі яе да вострава Лесбас, дзе быў заснаваны ў яго гонар храм Апалона. У ім галава Арфея выконвала функцыі аракула.
У VI — V стст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі ўзнікла містычнае вучэнне — арфеізм, заснаванне якога таксама прыпісвалася Арфею. Арфеісты верылі ў адплату за добрыя ўчынкі ў замагільным свеце, параўноўвалі чалавечае цела з пасудзінай, у якой пакутуе душа, сваіх рэлігійных правадыроў яны называлі добрымі пастырамі[10]. Лічыцца, што арфеізм адыграў значную ролю ў развіцці старажытнагрэчаскай філасофіі, а таксама мог аказаць значнае ўздзеянне на ранняе хрысціянства.