Арца́ва — гістарычная вобласць і старажытнае дзяржаўнае ўтварэнне на захадзе Малой Азіі ў 2 тысячагоддзі да н. э.
Упершыню хецкія запісы, якія сведчылі пра існаванне Арцавы былі выяўлены толькі ў 1927 г. Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што яна месцілася на паўднёвым захадзе Анатоліі, аднак існуе меркаванне, што ў склад Арцавы ўключаліся і больш паўночныя тэрыторыі. Палітычны цэнтр краіны знаходзіўся або на тэрыторыі будучай Фрыгіі, або ў Апашы, на месцы Эфеса. Асноўную масу насельніцтва складалі заходнія лувійцы.
На ўсходзе Арцава межавала з Хецкай дзяржавай, на поўдні — з Лікіяй, на паўднёвым захадзе — з ахейскай Мілавандай. Яна не мела поўнага палітычнага адзінства, паколькі ў яе складзе ўзгадваюцца самастойныя дробныя манархіі. Валадары Арцавы вялі перапіску на хецкай мове, шанавалі багоў Тархуна (бога маланкі) і Уху.
У першай палове XV ст. да н. э. Мадуватас, князь заходняга арцаўскага княства Сіпасла, перамог хецкага стаўленіка Купанту-Куранту, заключыў дагавор з Ахіявай і захапіў багаты волавам востраў Алаша. Яго сын Тархундарадус пацясніў хетаў на захадзе цэнтральнай Анатоліі і меў дыпламатычныя стасункі з Егіптам. Каля 1350 г. да н. э. хецкае войска здолела перамагчы арцаўскага валадара Анцапахаду, а яго землі былі падзелены паміж некалькімі дзяржавамі, залежнымі ад хетаў.
У далейшым на месцы Арцавы ўзгадваліся дзяржавы Міра, Хапала і Зямля ракі Сэх. У 1330-х гг. князь Ухазіці з Апашы ўзнавіў супольнае кіраванне, але ў 1327 г. да н. э. пацярпеў паражэнне ад хетаў. У канцы XIV ст. да н. э. няўдалую спробу авалодаць Арцавай рабіў Піямарадус, збеглы хецкі высакародны авантурыст, які знайшоў прытулак у Мілавандзе.
Мярукуецца, што у канцы XIII ст. да н. э. Арцава была разбурана народамі мора.