Аршак Абрамавіч Фетваджан | |
---|---|
арм.: Արշակ Աբրահամի Ֆեթվաճյան | |
Дата нараджэння | 1 кастрычніка 1866 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 кастрычніка 1947 (81 год) ці 7 кастрычніка 1947[1] (81 год) |
Месца смерці |
|
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, дызайнер паштовых марак |
Вучоба | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аршак Абра́мавіч Фетваджан (арм.: Արշակ Աբրահամի Ֆեթվաճյան; 1 кастрычніка 1866, Трапезунд, Асманская імперыя — 10 кастрычніка 1947, Медфард, Масачусетс, ЗША)[2]— армянскі мастак і дызайнер. Найболей вядомы як аўтар акварэлей архітэктурных помнікаў сярэднявечнага армянскага горада Ані, а таксама як праектант грашовых знакаў і паштовых марак Дэмакратычнай Рэспублікі Арменіі.
Аршак Фетваджан нарадзіўся ў 1866 годзе ў Трапезундзе. У родным горадзе ён вучыўся ў нацыянальным мастацкім інстытуце, а потым працягнуў сваё навучанне ў Дзяржаўнай мастацкай школе, адкрытай у Канстанцінопалі армянскім скульптарам Ервандам Васканам[3][4]. Тут Аршак навучаўся тэхніцы акварэлі ў італьянца Валеры[5]. Па сканчэнні мастацкай школы ў 1887 годзе Фетваджан працягнуў навучанне за мяжой. Ён з'ехаў у Рым і быў прыняты ў акадэмію Сан-Лука, дзе вучыўся ў італьянскага мастака і скульптара Чэзарэ Макары[3].
У 1891 годзе Аршак Фетваджан узяў удзел у італьянскай нацыянальнай мастацкай выставе, дзе яго мастацкі талент апынуўся ў цэнтры ўвагі. У тым жа годзе ён з'язджае на навуку ў Вену. Шмат разоў Фетваджан бываў у Венецыі, Армянскім Востраве Святога Лазара (Сан-Лазара-дэльі-Армені), дзе меў зносіны з Алішанам, піша яго партрэт — адзін з нешматлікіх[5].
У 1895 годзе А. Фетваджан пераязджае ў Санкт-Пецярбург. У Расіі ён браў удзел у мастацкіх выставах і далучыўся да Саюза рускіх мастакоў[3]. Па просьбе тэатральных улад Аршак Абрамавіч нядоўгі час займаўся тэатральнай крытыкай. Апроч іншага ў Санкт-Пецярбургу Аршак Абрамавіч заняўся вывучэннем архітэктуры[5].
У пачатку 1900-х гадоў А. Фетваджан з'ехаў у Закаўказзе, дзе арганізаваў некалькі сваіх выставак у Батуме, Тыфлісе і Баку. У якасці мастака-даследніка ён браў удзел у археалагічных раскопах (пад кіраўніцтвам Мікалая Мара) сярэднявечнай армянскай сталіцы Ані — горада, у якім засяродзіліся адны з самых выбітных прыкладаў армянскай архітэктуры сярэднявечча[4]. Вывучыўшы ўвесь горад, Аршак Абрамавіч зрабіў больш тысячы акварэляў і малюнкаў капліц, палацаў, цэркваў і манастыроў, захаваўшы ў драбнюткіх падрабязнасцях іх дэталі і дэкор. Шмат што з таго, што намаляваў мастак, потым ці зусім знікла, ці моцна змянілася[5].
У 1906 годзе Фетваджан пераехаў у Тыфліс, дзе застаўся на трынаццаць гадоў[5]. У гэты час ён шмат ездзіць па Еўропе, Арменіі. Вывучае гісторыю армянскай архітэктуры, ужытковае мастацтва, нацыянальны касцюм. Робіць акварэльныя малюнкі армянскага адзення. Апроч гістарычных помнікаў Ані Фетваджан таксама захаваў і іншыя армянскія помнікі культуры Каўказа[3][4].
У маі 1918 года была абвешчана Дэмакратычная Рэспубліка Арменія (ДРА). Праз год кіраўніцтва рэспублікі даручыла Аршаку Фетваджану падрыхтаваць узоры грошай і знакаў паштовай аплаты ДРА. Заказ на друкаванне банкнот выканала лонданская банкнота-друкавальная фірма «Ватэрлоа і сыны», а серыю з 10 стандартных марак арыгінальных малюнкаў вырабіла ў лістападзе 1920 года парыжская друкарня Шапо[6]. Аднак гэтыя банкноты і маркі не паступілі ў абарот, бо да моманту іх выхаду ўрад партыі Дашнакцуцюн быў зрынуты, а Арменія абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай. Надалей маркі Фетваджяна з наміналамі у 1, 3, 5, 10 і 15 рублёў з чорнай наддрукоўкай герба ССР Арменіі выкарыстоўваліся як гербавыя маркі.
З Парыжа, дзе Фетваджян кантраляваў друк марак, у Савецкую Арменію мастак не вярнуўся. Ён працягнуў выстаўляцца ў прэстыжных залах; так, прыкладам, яго мастацкія працы былі заўважаны на паказах у Луўры (1919, 1920) і Музеі Вікторыі і Альберта. У 1922 годзе мастак пераехаў у ЗША, спачатку ў Нью-Ёрк, а потым у Бостан[3][5]. Аршак працягваў маляваць і быў уведзены ў мастацкія грамадствы ўніверсітэтаў Гарварда, Калумбіі і Чыкага. Некалькі разоў ён звяртаўся да савецкага ўрада Арменіі з просьбай пра вяртанне, аднак штораз атрымваў адмову[5].
Аршак Фетваджан памёр у Медфардзе (штат Масачусетс) у 1947 годзе. Яго рэшткі былі перапахаваны ў Ерэване[4].