Асліннік двухгадовы | |||||||||||||||||||||||||
![]() | |||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||
Oenothera biennis L. | |||||||||||||||||||||||||
Сінонімы | |||||||||||||||||||||||||
|
Аслі́ннік двухгадовы[2] (Oenothéra biénnis) — двухгадовая расліна сямейства Скрыпнёвыя (Onagraceae), родам з Паўночнай Амерыкі. У садаводстве разводзяць сарты гібрыднага паходжання.
Асліннік двухгадовы, дзівана дзікая[3], бабек польны, дзяванна дзікая, сініла[4], кавальнік[5], палявая ляўконія[6].
Двухгадовая расліна са стрыжневым глыбокім коранем[7]. На першы год дае разетку лісця, прылеглага да глебы, лісце да 10—20 см даўжынёй, падоўжана-яйкападобнае ці авальнае, на другі — прамое, крэпкае, пакрытае кароткімі мяккімі валасамі сцябло вышынёй 60—100 см, якое нясе доўгае суквецце-гронку[7].
Прыкаранёвае лісце эліптычнае, з хвосцікамі, звужаецца да аснавання, востраканцовае; сцябловае лісце амаль сядзячае, шырокаланцэтнае, з дробназубчастым краем, да 5—7 см даўжынёй[7].
Кветкі буйныя, цытрынава-жоўтыя, пялёсткі даўжынёй да 2 см, з выманнем, тычынак 8[7].
Цвіце асліннік з чэрвеня па верасень, плоданасіць пачынае з канца ліпеня[7].
Плод — кароткая цыліндрычная, чатырохгранная каробачка[7].
Паколькі кожны асноўны або бакавы парастак нясе да 120 кветак, гэта расліна можа добра рассявацца. Кожная капсула змяшчае да 200 насенін, афарбоўка якіх вар’іруе ад цёмна-карычневай да чорнай. Насенне каля міліметра даўжынёй, трохкутнае.
Натуральны арэал — Паўночная Амерыка. Быў завезены ў Еўропу ў XVII стагоддзі, а затым распаўсюдзіўся далей на ўсход. Зараз у Еўропе атрымаў такое шырокае распаўсюджванне, што ўспрымаецца большасцю насельніцтва як мясцовы від.
Зараз у дзікім выглядзе расце ў сярэдняй паласе Расіі, а таксама ў Перадкаўказзі і на Далёкім Усходзе, у Сярэдняй Азіі, у Беларусі сустракаецца паўсюдна, месцамі ў значнай колькасці[7].
Аддае перавагу злёгку ўвільготненым месцапражыванням. Так, яго можна сустрэць на пясчаных наносах па берагах рэк, у поймах. Таксама з’яўляецца рудэральнай раслінай — расце па абочынах дарог, насыпаў, на склонах, узлесках, на пустазельных месцах.
Расліна ўтрымлівае фітастэрыны, дубільныя рэчывы, у кветках маецца фарбавальнае рэчыва, трава змяшчае каўчук, арганічныя кіслоты, і флаваноіды[7][8].
Меданосная, кармавая, харчовая, лекавая, алейная і дэкаратыўная расліна.
У кветкаводстве асліннік атрымаў распаўсюджанне як прыгожаквітнеючая расліна. Разводзяцца гібрыдныя сарты аслінніку. Як дэкаратыўную расліну рэкамендуюць высейваць ў лесапарках на больш-менш урадлівых пясках, на чыгуначных і шашэйных насыпах і схілах.
У кожнай кветцы ёсць вялікая кропля нектару, лёгкадаступная пчолам і дастатковая для напаўнення іх мядовага зобіка. Мёдапрадуктыўнасць да 40 кг/га. Пылок з аслінніку пчолы не збіраюць. Ён жоўтага колеру, вельмі ліпне да цела пчалы і ў палёце цягнецца за ёй доўгімі ніткамі, якія застаюцца на прылётнай дошцы.
У маладым узросце, калі сцябло яшчэ не агрубела, асліннік добра есць скот. Ён прыдатны для сіласавання, вараныя карані ядуць свінні.
Сцеблавае валакно прыдатнае для вытворчасці грубай пянькі. Насенне ўтрымлівае 28,4 % алею, па іншых дадзеных — 40—50 %. У некаторых краінах Заходняй Еўропы вырошчваюць як алейную культуру (1 га пасеваў дае да 200 кг масла).
Карані можна спажываць у ежу як сырымі, так і варанымі.
Асліннік — двухгадовая расліна, прадстаўляе цікавасць пры засваенні пясчаных зямель як фітамеліяратар.
Алей з насення выкарыстоўваецца ў касметычнай прамысловасці для вытворчасці крэмаў, ласьёнаў, губной памады[9].
Адвар кораня п’юць пры хваробах лёгкіх і болях у грудзях, адвар суквеццяў — пры запаленні нырак; адварам прамываюць раны[7].
Пры абязводжваючых паносах рэкамендуецца ўжываць унутр настой травы[10].
Прэпараты насення выкарыстоўваюцца для лячэння атапічнага дэрматыту, таксама атэрасклерозу і хваробы сэрца, дыябету, рэўматоіднага артрыту, захворванняў нервовай сістэмы[9].