Асцёр | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 274 км |
Басейн | 3 370 км² |
Расход вады | 21,6 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Смаленскае ўзвышша |
• Каардынаты | 54°18′53″ пн. ш. 32°56′40″ у. д.HGЯO |
Вусце | Сож |
• Каардынаты | 53°47′53″ пн. ш. 31°45′42″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сож → Дняпро → Чорнае мора |
|
|
Краіна | |
Код у ДВР | 04010000512105000012140 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асцёр (руск.: Остёр) — рака ў Смаленскай вобласці Расіі і Магілёўскай вобласці Беларусі, левы прыток Сажа. Даўжыня 274 км, у т.л. у межах Беларусі каля 50 км. Плошча вадазбору 3370 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,31 ‰.
Назву Асцёр маюць таксама прытокі дзесненскага Сейма і Дзясны.
Назва фігуруе ў запісах як «Острь», «Вострь», «Въстрь»[1].
Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша ў Рослаўльскім раёне Смаленскай вобласці, цячэ па тэрыторыі Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, вусце за 2 км на ўсход ад в. Бель 1-я Крычаўскага раёна.
У Смаленскай вобласці працякае па тэрыторыі Пачынкаўскага, Рослаўскага і Шумяцкага раёнаў.
Даліна ракі на значным адрэзку наследуе дачацвярцічнае паніжэнне. Яе шырыня змяняецца ад 0,3 — 0,4 да 1,5 — 2,0 км, а глыбіня ад 10-15 да 40-50 м. Па асаблівасцях будовы яна дзеліцца на 3 ўчасткі. Верхні, ад вытоку да в. Уласава ніжэй вусця р. Стомеці, характарызуецца вузкай далінай глыбінёй у 10-15 м. На ўсім працягу вылучаецца пойма шырынёй ад 10-15 да 0,5 км і вышынёй над узроўнем вады 1,5 — 1,8 м. Пойма моцна забалочаная, мае на пашыраных участках шмат старыц. Прадстаўлена першая тэраса вышынёй да 6 м, шырынёй да 200—300 м. Другая тэраса, вышынёй да 10 м, шырынёй да 200 м, назіраецца ў левабярэжжы даліны ля г. Рослаўль. Трэцяя тэраса, вышынёй каля 25 м, шырынёй месцамі 5-7 м выражана таксама ў левабярэжжы ля г. Рослаўль.
На сярэднім адрэзку (в. Уласава — в. Крывалес), паміж Рослаўльскай і Пятровіцкай градамі, рачная даліна рэзка звужаецца і становіцца больш глыбокай (40—50 м). Схілы даліны расчлянёны шматлікімі балкамі і ярамі. Шырыня поймы памяншаецца да 10-20 м, а вышыня павялічваецца да 3-3,5 м. Першая тэраса сустракаецца лакальна. Гэты ўчастак даліны і прылеглая да яе тэрыторыя адрозніваюцца асаблівай маляўнічасцю і ўяўляюць цікавасць з пункту гледжання рэкрэацыйнага выкарыстання.
На ніжнім адрэзку, ад в. Крывалес да в. Вусце, даліна становіцца сіметрычнай, пашыраючыся да 1,5 — 2,0 км. Яе глыбіня дасягае 50 м. Схілы даліны стромкія. Развіты пойма і першая тэраса. Шырыня поймы павялічваецца да 0,5 — 1,5 км. Першая тэраса прадстаўлена ў шэрагу пунктаў (в. Крымкі, Дубовіца, Іванаўскае і інш.). У в. Дубовіца (Шумяцкі раён) яна мае шырыню да 300 м, вышыню — 6,5 м. Другая і трэцяя тэрасы сустракаюцца рэдка. Участак другой тэрасы адзначаецца каля в. Дубовіца.
На Беларусі цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна спачатку невыразная, ніжэй трапецападобная, шырыня 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, вышыня 10—25 м. Пойма двухбаковая, шырыня 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км. У разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні на глыбіню 1—2,5 м тэрмінам да 8—12 сут. Рэчышча звілістае, шырыня ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя.
Асноўныя прытокі: Стомець, Острык, Немка, Крапіўная (справа); Вялікая Наўля, Шумячка, Рыдыга, Чорная Рыдыга, Сасноўка (злева).