Асі́лак — герой чарадзейных беларускіх народных казак, легенд, паданняў, ваяр незвычайнай сілы, мужнасці і розуму. Сінанімічны волату.[1][2]
Мае незвычайную сілу — вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Выступае народным заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Ілью Мурамца.[3]
Беларускія казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясцовых легенд і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата, напрыклад, Іван Падвей у аднайменнай казцы ў 6-м выпуску «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава. У казках пра асілкаў ёсць некаторыя матывы старажытных былін.[3]