Асінібойн Nakȟóta | |
![]() | |
Фота 1928 г.
| |
Агульная колькасць | 5200 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() ![]() |
Мова | дакота |
Рэлігія | анімізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя сіў |
Асінібойн (англ.: Assiniboine; саманазва: Nakȟóta) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Жывуць пераважна ў Мантане і Саскачэван. Агульная колькасць (2017 г.) - 5 200 чал.[1]
Асінбойн разам са стоўні ўяўляюць сабою ўсходнюю галіну народаў сіў і карыстаюцца агульнай саманазвай накота. У XVII ст. іх супольныя продкі жылі ў лясной зоне на захад ад Вялікіх азёр. Назва асінібойн (assinispwas'n, літаральна «каменныя катлы») трапіла ў еўрапейскія мовы з мовы аджыбвэ. Пад ціскам алганкінаў, што карысталіся агнястрэльнай зброяй, частка ўсходніх сіў была вымушана рухацца далей на захад уздоўж ракі Саскачэван, другая перасялілася на раку Місуры[2]. Каля 1790 г. ад перасяленцаў на захад адлучыліся стоўні.
Вусная гісторыя асінібойн шмат апавядае пра перасяленне на захад і поўдзень, пошукі зямель з вечнай зімой і вечным летам. У сярэдзіне XVIII ст. група асінібойн на рацэ Місуры асвоіла конегадоўлю і пачала качавы лад жыцця. Для асінібойн на рацэ Саскачэван конегадоўля доўгі час заставалася другасным заняткам. Яны здабывалі і гандлявалі футрам, паспяхова супернічалі з кры, чарнаногімі і гравантрамі. У выніку кантактаў з еўрапейцамі ў 1781 г., 1836 г. і 1845 г. асінбойн перажылі тры моцныя эпідэміі, што прывялі да скарачэння іх колькасці і зменаў сацыяльнага ладу.
Частка паўднёвых асінібойн удзельнічала ў Індзейскіх войнах на баку дакота і шаенаў, аднак пацярпела паражэнне. Да канца XIX ст. у выніку скарачэння насельніцтва і вынішчэння бізонаў усе тэрытарыяльныя групы гэтага народа апынуліся ў залежнасці ад дапамогі з боку ўладаў ЗША і Канады і былі вымушаны падпісаць мірныя пагадненні.
У нашы дні асінібойн прызнаюцца як «першасная нацыя» з боку Канады. Асобныя групы асінібойн вызначаюцца як аўтаномныя нацыі з правам самакіравання з боку ЗША.
Пасля перасялення на Вялікія раўніны асноўным заняткам асінібойн стала паляванне на бізонаў і футравых жывёл. Былі вядомы пешае загоннае паляванне з дапамогай сабак, коннае паляванне з пераследам параненай жывёлы, паляванне з дапамогай пастак. Асінібойн, што жылі каля буйных водных крыніц, таксама займаліся сезонным рыбалоўствам з берагу або каноэ. Важнае значэнне меў гандаль з іншымі індзейскімі народамі і еўрапейскімі перасяленцамі.
Сярод асінібойн назіраўся жорсткі падзел працы[3]. Маладыя юнакі лічыліся воінамі. Пасля жаніцьбы яны разглядаліся пераважна як здабытчыкі-паляўнічыя. Жанчыны маглі суправаджаць мужчын падчас палявання, каб дапамагчы ў апрацоўцы здабычы, аднак іх галоўнымі заняткамі былі клопат пра дзяцей, жытло, выраб вопраткі, гарбарства і інш.
Асновай сацыяльнага ладу была вялікая пашыраная сям'я, якая качавала ўздоўж пэўнай тэрыторыі і жыла ў сезонных лагерах з тыпі. На чале такой сям'і стаяў правадыр. Звычайна гэта быў сталы паважаны мужчына, які распараджаўся паляваннем і гандлем. Яго ўлада не была безумоўнай.
Сем'і аб'ядноўваліся ў буйныя тэрытарыяльныя групы. Яны сустракаліся пераважна ўлетку для арганізацыі рэлігійных цырымоній. Толькі ў некаторых выпадках буйныя тэрытарыяльныя групы сцвярджалі агульнае паходжанне. Падчас войн і мірных пагадненняў яны вылучалі агульных ваенных правадыроў. У XIX ст. на тэрыторыі ЗША і Канады налічвалася каля 35 буйных тэрытарыяльных груп.
Традыцыйная вопратка шылася са скур дзікіх жывёл. Распаўсюджаная зброя — дзіда, лук і стрэлы, булава, нож, сякера і г. д.
Святы мелі сезонны сакральны характар, былі прысвечаны гадавому гаспадарчаму цыклу. Важную ролю адыгрывалі мужчынскія танцы. Асаблівае месца займаў танец сонца. Асінібойн захавалі багатую вусную традыцыю гістарычных паданняў, міфаў, казак, легенд.
У нашы дні мова асінібойн звычайна вылучаецца як самастойная, аднак частка вучоных сцвярджае, што яна ўяўляе сабою некалькі дыялектаў мовы дакота. З XIX ст. карыстаюцца алфавітам на аснове лацінкі.
Традыцыйная рэлігія заснавана на анімістычных уяўленнях аб існаванні шматлікіх духаў і абезасобленых сіл, што кіруюць сусветам. Важную ролю ў міфалогіі адыгрываюць культурныя героі. Вылучаўся пласт шаманаў, якія займаліся лекаваннем. Арганізацыя супольных рэлігійных рытуалаў належыць часовым рэлігійным правадырам, звычайна старым людзям.
Многія сучасныя вернікі спавядаюць хрысціянства.