Атлантропа — футурыстычны інжынерны праект 1920-х гадоў нямецкага архітэктара Германа Зёргеля.
Зёргель прапанаваў перагарадзіць гідраэлектрычнай дамбай Гібралтарскі праліў і другой дамбай паменш — перакрыць Дарданэлы. Быў таксама варыянт, дзе другая дамба злучала Сіцылію з Афрыкай. У выніку ўзровень вады ў Міжземным моры панізіўся б прыблізна на 100 метраў. Такім чынам меркавалася не толькі атрымліваць электраэнергію у дастатку, але і падаваць апрэсненую марскую ваду ў Сахару, каб яна стала прыдатная для сельскай гаспадаркі. Еўропа і Афрыка сталі б адным кантынентам — Атлантропай, а замест Міжземнага мора з’явілася б штучнае мора — Сахарскае. Акрамя таго, у экватарыяльнай Афрыцы прапанавалася затапіць басейн ракі Конга, стварыўшы Кангалезскае мора, для паляпшэння мясцовага клімату.[1]
Калі праект быў апублікаваны, ён выклікаў найбольшыя пратэсты ў жыхароў Паўднёвай Еўропы, якія не ўяўлялі сваё жыццё без мора. У перыяд кіравання нацыстаў у Германіі Зёргелю было забаронена прапагандаваць свой праект, бо ён не знайшоў адабрэння ў Гітлера. Аднак па заканчэнні вайны Зёргель працягваў прапагандаваць свой праект да сваёй смерці ў 1952 годзе.