Афінская дэмакратыя — этап у гісторыі Старажытных Афін, які ахоплівае перыяд з 500 па 321 да н.э., калі ў горадзе-дзяржаве Афіны існавала дэмакратычная форма праўлення.
У час Афінскай дэмакратыі любы грамадзянін меў права (лічылася нават, што ўсе грамадзяне, якія клапоцяцца пра інтарэсы грамадства, абавязаны) прымаць удзел у працы суверэнных сходаў. Распрацоўка парадку дня сходу і паўсядзённае кіраўніцтва горадам ажыццяўляліся саветам. Судовыя і аўдытарскія функцыі — вялікім журы. Сяброўства як у савеце, так і ў журы давалася паводле лёсавання. Любы грамадзянін меў роўныя шанцы быць сёння кіраўніком Афін, а заўтра — вярхоўным суддзёй.