Аціс

Аціс
Статуя Аціса ў музеі Ватыкана
Статуя Аціса ў музеі Ватыкана
Міфалогія фрыгійская, старажытнагрэчаская, рымская
Пол мужчынскі пол
Бацька Калай, Агдыздзіс
Маці Нана
Жонка Кібела
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́ціс (стар.-грэч.: Ἄττις, лац.: Attis) — бог расліннасці. Культ Аціса ўзнік у Фрыгіі і быў шчыльна звязаны з культам Кібелы. Пазней распаўсюдзіўся ў Старажытнай Грэцыі і Рыме.

Існуе некалькі варыянтаў міфа пра Аціса. Старажытнагрэчаскі аўтар Паўсаній Вандроўнік з Лідыі паведамляў, што Аціс быў сынам фрыгійца Калая і з дзяцінства меў на целе загану — не меў мужчынскага палавога органа. У сталым узросце ён перасяліўся ў Лідыю, дзе заснаваў культ Кібелы. Аціс праславіўся сярод людзей сваёй самаадданасцю, але гэтаму пазайздросціў Зеўс. Бог-грамабой наслаў на Аціса дзіка, які забіў хлопца.

Другі больш папулярны варыянт апавядае, што Зеўс імкнуўся сукупіцца са сваёй маці Рэяй-Кібелай, але дарма праліў сваё насенне на камень. Камень нарадзіў дэмана Агдыздзіса з полавымі органамі мужчыны і жанчыны. Устрывожаныя багі звярнуліся за дапамогай да Дыяніса. Той хітрасцю напаіў Агдыздзіса віном і пазбавіў яго мужчынскага органа. Такім чынам Агдыздзіс ператварыўся ў звычайную жанчыну. На месцы, куды трапіў палавы орган дэмана вырасла міндальнае дрэва. Німфа Нана паспытала міндальны плод (або адарвала галінку) і стала цяжарнай. Хутка ў яе нарадзіўся прыгожы сын Аціс.

Калі хлопчык падрос, у яго закахалася Агдыздзіс (або Кібела). Ацісу было забаронена мець стасункі з іншымі жанчынамі. Але ён упадабаў рачную німфу (або ўладарскую дачку). Пасля ночы кахання (або падчас вяселля) раз'юшаная Агдыздзіс (Кібела) наслала на яго вар'яцтва. Ён кінуўся ў лес і сам сабе зрабіў пакладанне, пасля чаго памёр. На гэтым месцы з'явіліся кветкі і лекавыя травы. Агдыздзіс папытала Кібелу (або Кібела папытала Зеўса) уваскрэсіць юнака і разам з ім узнеслася на неба.

Лічыцца, што культ Аціса ўзнік у Фрыгіі ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. Прычым, першапачаткова Аціс быў мясцовым бажаством. У Грэцыю культ фрыгійскага бога пранік разам з культам Кібелы і набыў шырокае распаўсюджанне толькі ў IV ст. да н. э. У 204 г. да н. э. рымляне таксама запазычылі культ Кібелы з Малой Азіі. Рымскія грамадзяне разглядалі Аціса як спадарожніка і кансорта Вялікай Багіні-маці.