БРІКС

Краіны члены BRICS
Манмахан Сінгх, Дзмітрый Мядзведзеў, Ху Цзіньтаа і Луіс Інасіу Лула да Сілва
ВУП БРIКС i G7 у сусветнай эканоміцы.

БРІКС (англ.: BRICS, вымаўляецца па-беларуску як «БРЫКС») — група з десяці краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Егіпет, Эфіопія, Іран, Саудаўская Аравія і ААЭ[1][2].

Першапачатковымі членамі былі Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР. З 1 студзеня 2024 года членства атрымалі яшчэ пяць краін. У БРІКС таксама хацела ўступіць Аргенціна[3], але ўрэшце адмовілася[4].

На думку Goldman Sachs, да 2050 года сумарна эканомікі краін групы па памеры перавысяць сумарны памер эканомік самых багатых краін свету (G7).

Назва арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Скарачэнне BRIC (Brazil, Russia, India, China) было ўпершыню прапанавана Джымам О’Нейлам, аналітыкам Goldman Sachs, у лістападзе 2001 года ў аналітычнай запісцы банка і выкарыстоўвалася да 2011 года. У сувязі з далучэннем Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (South Africa) да БРІК 18 лютага 2011 года, па заяве індыйскага міністра фінансаў з гэтага часу група пачала насіць назву BRICS.

Паслядоўнасць літар у слове вызначаецца не толькі мілагучнасцю, але і тым, што само слова ў англійскай транскрыпцыі BRICS падобна да англійскага слова bricks — «цагліны», такім чынам, дадзены тэрмін выкарыстоўваецца ў якасці абазначэння групы краін, за кошт росту якіх будзе забяспечвацца будучы рост сусветнай эканомікі і фондавых рынкаў у прыватнасці.

Структура арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

БРІКС існуе як нефармальнае аб’яднанне, у блока няма статусу міжнароднай арганізацыі — у адрозненне, напрыклад, ад ААН ці НАТА. Таму і дакладнай структуры таксама няма. Няма ні статута, ні штаб-кватэры, ні сталага кіраўніка. На час саміту функцыі «кіраўніка БРІКС» выконвае прэзідэнт краіны, дзе праводзяць чарговую сустрэчу.

У якасці нарматыўна-прававых дакументаў БРІКС выкарыстоўваюцца пратаколы самітаў і міжнародныя пагадненні па розных пытаннях[5].

Задачы арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

На саміце БРІКС 2023 года былі сфармуляваны наступныя асноўныя кірункі міжнароднага супрацоўніцтва:

  • Супрацоўніцтва ў сферы палітыкі і бяспекі. Размова пра агульныя падыходы ў пытаннях барацьбы з тэрарызмам, наркотыкамі і карупцыяй. Іх фармулююць, як правіла, на сустрэчах кіраўнікоў МЗС і дарадцаў па пытаннях бяспекі з краін БРІКС. Тамсама вызначаюць агульную пазіцыю па геапалітычных пытаннях.
  • Фінансавае і эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта сустрэчы прадстаўнікоў эканамічных і каляэканамічных міністэрстваў: сельскай гаспадаркі, энергетыкі, фінансаў ды іншых. У гэтай сферы БРІКС дабіўся найбольш істотных поспехаў, калі стварыў свой банк. Таксама ўдзельнікі блока неаднаразова заяўлялі, што імкнуцца больш выкарыстоўваць нацыянальныя валюты ва ўзаемных разліках.
  • Культурнае супрацоўніцтва і супраца паміж народамі. Гэта сувязі ў сферы навукі і культуры. Напрыклад, касмічныя агенцтвы краін БРІКС дамовіліся дзяліцца дадзенымі са спадарожнікаў у рамках пагаднення ад 2021 года. А з 2022 года краіны БРІКС маюць віртуальны цэнтр распрацоўкі і даследаванняў у сферы вакцын[6] — на выпадак новых пандэмій. Ёсць кінафестывалі краін БРІКС і сваё тэлебачанне[7]. Таксама краіны-ўдзельніцы рэалізуюць розныя сумесныя праекты ў адукацыі — у 2015 годзе яны заснавалі сеткавы універсітэт[8][5].