Горад
Баальбек
بعلبك
| ||||||||||||||||||
Баальбек (араб. بعلبك) — старажытны горад у Ліване. Размешчаны за 80 км на паўночны ўсход ад Бейрута на вышыні 1130 м.
Нягледзячы на тое, што мясцовасць была заселена з глыбокай старажытнасці, ніякіх звестак пра горад не сустракаецца да заваявання Сірыі Аляксандрам Македонскім у 332 г. да н.э. Пасля яго смерці Сірыя адышла да Пталамея, які пераназваў горад у гонар егіпецкага Геліёпаля. Ужо ў той час ён быў найбуйнейшым рэлігійным цэнтрам, дзе ўшаноўвалі Ваала (асюль і назва) і Дыяніса.
У 200 г. да н.э. сірыйскі Геліёпаль быў заваяваны Антыёхам Вялікім.
У кіраванне імператара Актавіяна Аўгуста (27 да н.э. — 14 н.э.) Геліёпаль пераўтвораны ў рымскую калонію (Julia Augusta Felix); у I—III стст. тут было пабудавана шмат рымскіх храмаў.
Тут нарадзілася і пацярпела за хрысціянскую веру праваслаўная і каталіцкая святая — вялікамучаніца Варвара (†306), дачка мясцовага багацея Дыяскора. Мошчы святой Варвары знаходзіліся тут да VI стагоддзя, калі яны былі перавезены ў Канстанцінопаля. Цяпер мошчы велікамучаніцы знаходзяцца ва Уладзімірскім саборы горада Кіева.[1]
У 635 горад захапілі арабы пад кіраваннем Абу Убайды. Калі раней, з’яўляючыся рэлігійным цэнтрам, ён быў абаронены параўнальна слаба, то цяпер быў значна ўмацаваны, а храмавы квартал і акропаль былі ператвораны ў цытадэль. У Сярэднявеччы Баальбек быў стратэгічна важнай крэпасцю. У 659 тут сутыкнуліся Алі і Муавія, супернікі ў барацьбе за халіфат. Паводле падання, аль-Валід перавёз медны купал баальбекскага храма ў Іерусалім, каб узняць яго над Скальнай мячэццю. Марван II разбурыў гарадскія сцены, а ўладар Дамаска Тухтакін падпарадкаваў сабе Баальбек у 1110. У 1175 горад быў захоплены Саладзінам; у 1260 яго разбурылі манголы хана Хулагу, а ў канцы XIII ст. ён быў адноўлены султанам Калавунам. У 1400 Баальбек быў спустошаны Тамерланам, а ў XVIII ст. часткова разбураны Джэзарам з Акры; час ад часу ён пакутаваў ад моцных землетрасенняў. Апынуўшыся пад уладай турак, Баальбек да XIX ст. ператварыўся ў невялікі пасёлак[2].
Ужо ў XVI стагоддзі ў Еўропе стала вядома пра наяўнасць тут грандыёзных руін, якія сталі абавязковым пунктам наведвання еўрапейскімі падарожнікамі XIX ст. Флобер, Твен і Бунін пакінулі цікавыя апісанні сваіх уражанняў ад Баальбека. Поўнамаштабныя раскопкі былі распачаты нямецкімі навукоўцамі ў 1898 г. і працягваліся пяць гадоў. Пасля Першай сусветнай вайны расчысткай участку займаліся французы.
У Баальбеку захаваўся ў руінах грандыёзны храмавы ансамбль, які складаўся з прапілеяў, багата ўпрыгожаных разьбой двароў (у адным з іх адкрыты рэшткі вялікага будынка алтара), Вялікага храма (т.зв. храма Юпітэра), добра захаваных Малога храма (т.зв. храм Вакха або Меркурыя) і круглага храма (т.зв. храм Венеры) з 4-калонным порцікам. У XIII стагоддзі тэрыторыя ансамбля была пераўтворана ў крэпасць (захаваліся рэшткі сцен, вежаў). На ўсход ад прапілеяў — руіны Вялікай мячэці і мінарэта.
Храм Юпітэра ўяўляе сабой даволі вялікае збудаванне. Некаторыя блокі падмурка важаць 800—1000 тон. У пэўнай ступені, гэта збудаванне пераўзыходзіць піраміду Хеопса, самыя буйныя гранітныя блокі якой (столь камеры цара) важаць 50—80 тон. А самы вялікі блок, пад назвай «Паўднёвы камень» (ад старажытнай арабскай назвы «Гаяр эль-Кіблі»), які так і не быў выняты з каменяломні, але па ўсіх прыкметах спецыяльна быў падрыхтаваны для завяршэння платформы, і зусім дасягае вагі 1500 тон.