Бада́н таўсталісты[3][4] (Bergenia crassifolia) — від кветкавых раслін роду Бадан (Bergenia) сямейства Каменяломнікавыя (Saxifragales).
Шматгадовая травяністая расліна з доўгім наземным паўзучым мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, вышынёй да 50 см, голае, ружова-чырвонага колеру. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, буйное, скурыстае, простае, суцэльнае, на чаранках. Лісце захоўваецца на зіму, увосень і ранняй вясной мае бэзава-чырвоны колер. Кветкі з пяццю пялёсткамі, белага або чырвонага колеру з адценнямі, па 20—40 у мяцёльчата-шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Азіі (Сібір, Казахстан, Прымор’е, Кітай, Карэйскі паўвостраў). Мезафіт і мезатроф. Святлолюбівая расліна, аднак добра пераносіць цень. Расце на камяністых россыпах, скалах, у хвойных і драбналістых лясах і на ўзлесках, горных і тундравых лугах, у горнай тундры. Размнажаецца дзяленнем карэнішча, радзей — насеннем.
Лекавая, дэкаратыўная, дубільная і фарбавальная (мае танін) расліна. Вырошчваецца ў парках і садах. Карэнішча і лісце (пасля апрацоўкі) выкарыстоўваюцца ў ежу.
Паводле сайта The Plant List:
- Bergenia biflora var. hawortiana (Ser.) Engl.
- Bergenia bifolia Moench
- Bergenia cordifolia (Haw.) Sternb.
- Bergenia coreana Nakai
- Bergenia crassifolia var. cordifolia (Haw.) Boriss.
- Bergenia crassifolia var. sajanensis Stepanov
- Bergenia media (Haw.) Engl.
- Saxifraga cordifolia Haw.
- Saxifraga crassifolia L.
- Saxifraga crassifolia var. elliptica Ledeb.
- Saxifraga crassifolia var. obovata Ser.
- Saxifraga crassifolia var. pauciflora Ser.
Падвід: Bergenia crassifolia var. pacifica (Kom.) Kom. ex Nekr.
Зноскі