Славутасць | |
Базіліка Святога Георгія | |
---|---|
чэшск.: Bazilika svatého Jiří | |
| |
50°05′28″ пн. ш. 14°24′08″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Чэхія |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцкая Царква |
Епархія | Архідыяцэзія Прагі |
Архітэктурны стыль | раманскі стыль[2] |
Заснавальнік | Ураціслаў I |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Базіліка святога Георгія (чэшск.: Bazilika svatého Jiří) — найстарэйшая захаваная царква на плошчы Святога Георгія ў Пражскім Градзе.
Аднанефная базіліка была закладзена Ураціславам I у 920 годзе ў гонар Святога Георгія для захоўвання рэштак Святой Людмілы Чэшскай[3]. У 973 годзе царква была істотна пашырана за кошт прыбудовы абацтва бенедыкцінаў, прысвечанага таму ж святому. У 1142 годзе базіліка істотна пацярпела падчас буйнога пажару, але за кароткія тэрміны была адноўлена амаль у першародным выглядзе, за выключэннем фасада і некаторых мастацкіх дэталяў унутранага ўбрання. Былі дабудаваны дзве апаковыя раманскія вежы з строенымі вокнамі. Вузейшую паўночную вежу звалі Евай, шырэйшую, Адамам[4]. Паўднёвая вежа была ўзведзена на месцы, дзе некалі стаяла капэла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая, верагодна, і была месцам пахавання Св. Людмілы[3].
Прыбудаваная да базілікі гатычная капліца прысвечана святой Людміле Чэшскай, рэшткі якой захоўваюцца ўнутры, і датуецца XIII ст. Паўднёвы бок прылягае да апсіды. Каменная грабніца была створана Петэрам Парлерам у XIV ст. па замове Карла IV. Паўднёвы фасад уяўляе сабой раманскую сцяну, якая абрамляе па-майстэрску выкананы ў 1515 г. Бенедыктам Рыдам рэнесансны партал. Перабудаваны Парлерам заходні фасад быў пазней абліцаваны чырвонай цэглай у стылі барока[3].
Галоўны фасад будынка, выкананы ў стылі барока, датуецца канцом XVII стагоддзя меркавана архітэктарам Франчэска Караці. Скульптуры на фасадзе стварыў Ян Бендл. У 1718—1722 гадах чэшскім архітэктарам Францішкам Максіміліянам Канькай была дабудавана капэла Святога Яна Непамуцкага, скляпенне якой упрыгожана фрэскай Апафеоз Св. Яна Непамуцкага, якая прыпісваецца В. Райнеру[3]. Скульптуру святога і анёлаў стварыў Фердынанд Максіміліян Брокаф. У базіліцы знаходзяцца магілы яе заснавальніка Ураціслава I, і яго ўнука Баляслава II Набожнага.
Сённяшні выгляд, які ў значнай меры адпавядае базіліцы XII стагоддзя, абавязаны ажыццёўленай у 1887—1908 гадах рэканструкцыі ў стылі пурызму па праектах архітэктара Францішка Маха.