Бакак | |
---|---|
англ. Bokak, Pokak, Bokaak, Taongi | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 3,24 км² |
Найвышэйшы пункт | 5 м |
Размяшчэнне | |
14°32′ пн. ш. 169°00′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Маршалавы Астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бака́к (англ.: Bokak, маршал.: Pokak, Bokaak) або Таонгі (англ.: Taongi) — атол у складзе Маршалавых Астравоў. Плошча сушы — 3,24 км². Незаселены.
Бакак — самы паўночны атол Маршалавых Астравоў. Знаходзіцца ва ўсходняй групе атолаў Ратак у 869 км на паўночны захад ад Маджура, сталіцы краіны. Уяўляе сабою замкнёны каралавы рыф з лагунай 78,04 км². На рыфе, пераважна ў яго паўднёва-ўсходняй частцы, месціцца 11 астравоў агульнай плошчай 3,24 км². Астравы нізкія. Найвышэйшы пункт не перавышае 5 м над узроўнем акіяна. На Бакаке знойдзены невялікія радовішчы фасфатаў.
Клімат субэкватарыяльны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ў залежнасці ад сезона ад +27 °C да +31 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1143 мм.
Асноўная частка вострава занята лясамі і мангравымі балотамі. Іх насяляюць шматлікія птушкі. На пясчаных пляжах размножваюцца чарапахі. У лагуне і каля каралавага рыфа назіраецца незвычайна высокая біялагічная разнастайнасць.
Да прыбыцця еўрапейцаў Бакак быў вядомы маршальцам, якія, аднак, не стваралі на ім сталых паселішчаў. Адкрыты 21 жніўня 1526 г. іспанскімі мараплаўцамі. У XVII — XVIII ст. наведваўся і даследаваўся іспанцамі і галандцамі. У XIX ст. увайшоў у склад тэрыторый, якія лічыліся маёмасцю вярхоўнага правадыра атолаў Ратак. Афіцыйна каля 20 га зямлі на атоле і ў наш час адносяцца да прыватнай маёмасці сям’і правадыра Маджура. З 1986 г. Бакак у складзе Рэспублікі Маршалавы Астравы.