Балга́рыя ўступіла ў Першую сусветную вайну 14 кастрычніка 1915 года на баку Цэнтральных дзяржаў, абвясціўшы вайну Сербіі.
У пачатку вайны Балгарыя абвясціла нейтралітэт, аднак неўзабаве балгарскі ўрад прыняў рашэнне выступіць на баку дзяржаў Цэнтральнага блока. Балгарскія войскі ўдзельнічалі ў аперацыях супраць Сербіі і Румыніі, ваявалі на Салоніцкім фронце. Падчас вайны балгарскія войскі занялі значную частку тэрыторыі Сербіі, Румыніі і Грэцыі. У верасні 1918 года саюзным войскам удалося прарваць фронт балгарскай арміі, і 29 верасня 1918 года Балгарыя была вымушана падпісаць перамір'е з краінамі Антанты.
У 1919 годзе быў заключаны Нёіскі дагавор, па якім Балгарыя, як прайграўшы ў вайне бок, страціла частку тэрыторыі і насельніцтва.