Баразнаватабрухія, бяспанцырныя, жалабабрухія (Solenogastres) — клас малюскаў.
Адрозніваецца каля 120 найбольш прымітыўных відаў, пашыраных амаль ва ўсіх морах ад Арктыкі да Антарктыкі. Жывуць на розных глыбінях (да 9000 м). Найбольш вядомыя малюскі з родаў Nematomenia і Epimenia.
Цела чэрвепадобнае, даўжынёй ад 1 мм да 30 см, звонку ўкрытае вапняковымі шыпамі рознай будовы. Ракавіна адсутнічае. У большасці на брушным баку знаходзіцца баразна (адсюль назва) з вузкім кілем (рудымент нагі).
Гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, водарасцямі, дробнымі жывёламі. Частка з іх жыве сярод каралаў і аб'ядае іх паліпы.