Барацьба за незалежнасць Латвіі (лат.: Latvijas brīvības cīņas) — серыя ваенных канфліктаў, якія мелі за мэту стварэнне незалежнай Латвіі. Яны адбываліся ў 1918—1920 гадах між латышскімі і нямецкімі ды бальшавіцкімі аддзеламі. Латышам дапамагалі эстонскія, брытанскія і польскія ваенныя.
У выніку Першай сусветнай вайны з 1915 года Курляндыя і Семігалія, а з пачатку 1918 уся тэрыторыя Латвіі апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне Латвія абвясціла незалежнасць 18 лістапада 1918 года ў Рызе. Прэм'ерам новай дзяржавы стаў Карліс Улманіс. У пачатку студзеня 1919 армія бальшавікоў увайшла на тэрыторыю Латвіі і здабыла Рыгу. Нямецка-латышскае войска з падтрымкай Антанты прымусіла савецкія войскі адысці ў сакавіку 1919. Хаця Версальскі дагавор абавязваў немцаў пакінуць краіну, тыя паспрабавалі заняць Латвію, але былі выбітыя ў канцы лістапада 1919.
Чарговую спробу заняць Латвію прадпрыняла Бальшавіцкая Расія. У той сітуацыі латышская дэлегацыя звярнулася да Польшчы па дапамогу, падпісаўшы з ёю 30 снежня 1919 году дагавор аб ваеннай дапамозе, пашырыўшы яе 16 студзеня 1920 года. Польска-латышскае войска колькасцю 20 000 жаўнераў (з іх 12 000 польскіх) пад камандаваньнем генерала Эдварда Рыдз-Сміглага пачало баі пры 30-градусных маразах. Саюзнікі на працягу студзеня захапілі ўсю Латгалію, атрымаўшы перамогу ў бітве за Дзвінск і прымусіўшы Савецкую Расію да перамір'я. У мірнай дамове, падпісанай у Рызе 11 жніўня 1920, бальшавіцкая Расія прызнала незалежнасьць Латвіі.
У 1940 годзе, у час Другой сусветнай вайны, пасля заняцця Латвіі арміяй СССР, гэтая краіна стала адной з савецкіх рэспублік.