Баўгауз | |
---|---|
![]() | |
![]() | |
Краіна | |
Тып арганізацыі | архітэктурны стыль, мастацкі кірунак[d], мастацкая школа[d] і сацыяльны інстытут |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1919[1] |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 1933[2] |
Узнагароды | |
![]() |
Ба́ўгауз[3] (ням.: Bauhaus; ням.: Staatliche Hochschule für Bau und Gestaltung — Дзяржаўная вышэйшая школа будаўніцтва і формаўтварэння) — мастацкая школа ў Германіі, якая дзейнічала з 1919 па 1933 год і спалучала рамёствы з выяўленчым мастацтвам. Школа праславілася сваім падыходам да дызайну, які спрабаваў аб’яднаць прынцыпы масавай вытворчасці з індывідуальным мастацкім бачаннем і імкнуўся злучыць эстэтыку з штодзённай функцыяй[4].
Баўгауз быў закладзены архітэктарам Вальтэрам Гропіусам у Веймары. Ён грунтаваўся на ідэі стварэння Gesamtkunstwerk (суцэльны мастацкі твор), у якім вынікам былі б аб’яднаныя ўсе віды мастацтва. Пазней стыль Баўгауз стаў адной з самых уплывовых плыняў сучаснага дызайну, мадэрнісцкай архітэктуры і мастацтва, дызайну і архітэктурнай адукацыі[5]. Рух Баўгауз аказаў вялікі ўплыў на будучыню мастацтва, архітэктуры, графічнага дызайну, дызайну інтэр’ераў, прамысловага дызайну і тыпаграфікі[6]. Супрацоўнікамі Баўгауза ў розны час былі такія вядомыя мастакі як Паўль Клее, Васіль Кандзінскі і Ласла Мохай-Надзь.
Школа існавала ў трох гарадах Германіі — Веймары (1919—1925), Дэсау (1925—1932), Берлін (1932—1933) пад кіраўніцтвам трох розных архітэктараў-дырэктараў: Вальтэра Гропіуса (1919—1928), Ханеса Мэера (1928—1930), Людвіга Міса ван дэр Роэ (1930—1933), далей школа была закрытая яе ўласным кіраўніцтвам праз ціск нацысцкага рэжыму ў Германіі, бо яна была выстаўленая нацыстамі як цэнтр камуністычнага інтэлектуалізму. Нягледзячы на закрыццё школы, супрацоўнікі, якія з’ехалі ў эміграцыю, працягвалі распаўсюджваць ідэалістычныя задумы за мяжой[7].
Праз змены гарадоў і кіраўніцтва Баўгауз зазнаваў пастаянныя змены ў складзе, тэхніцы і палітыцы. Напрыклад, керамічны цэх быў закрыты па пераездзе з Веймара ў Дэсау, хоць гэта была важная крыніца прыбытку. Калі Людвіг Міс ван дэр Роэ ўзначаліў школу ў 1930 годзе, ён ператварыў яе ў прыватную школу і не дазволіў наведваць яе прыхільнікам Ханеса Мэера.
Баўгауз абапіраўся на эстэтыку функцыяналізму, адыграў важную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рацыяналізму ў архітэктуры XX ст. і станаўленні сучаснага мастацкага канструявання[3].
![]() |
Баўгауз на Вікісховішчы |
---|