Беларуская готыка

Сынкавіцкая царква-крэпасць — унікальны помнік беларускай праваслаўнай готыкі

Беларуская готыка — стыль, распаўсюджаны ў архітэктуры XV[1] — першай траціны XVI ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і сумежных з ёй абласцях Літвы і Польшчы[2]. Для беларускай готыкі характэрна гарманічнае спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый старажытнарускага манументальнага дойлідства і ўплываў руска-візантыйскага стылю, што ўзбагаціла, надало яе помнікам непаўторны каларыт і мастацкую каштоўнасць[1].

Гісторыя паняцця

[правіць | правіць зыходнік]
Мікалай Шчакаціхін — заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства і аўтар паняцця «беларуская готыка»

Упершыню канцэпцыю беларускай готыкі высунуў у 1920-я гг. беларускі мастацтвазнавец М. М. Шчакаціхін у сваёй працы «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва»[3], яе падтрымалі М. І. Каспяровіч[4], А. С. Янкявічэне  (літ.)[5], Т. В. Габрусь[6], А. М. Кушнярэвіч[2][7]. Шчакаціхін у адрозненне ад папярэднікаў, польскіх і расійскіх даследчыкаў, разглядае «беларускую царкоўную готыку» як вынік мастацкай творчасці аднаго народа, а не толькі як матэрыяльную аснову супрацьлеглых расійска-польскіх клерыкальна-шавіністычных пазіцый, і акцэнтуе ўвагу на нацыянальных каранях гэтай культурнай з’явы[8].

У сваёй мастацтвазнаўчай канцэпцыі М. Шчакаціхін прытрымліваўся тэорыі паслядоўнага прагрэсіўнага развіцця архітэктурных формаў на падставе запазычанага першаўзора, у выніку чаго часам перабольшваў уплыў на мясцовае храмавае будаўніцтва нямецкай готыкі, што было натуральным пры навуковых канцэпцыях, якія дамінавалі ў тагачасным еўрапейскім мастацтвазнаўстве. Сучасныя даследаванні сведчаць, што ўплыў нямецкай готыкі быў, безумоўна, істотным, але не адзіным і адбываўся, хутчэй, апасродкавана, праз замкавае будаўніцтва. На думку даследчыка, генезіс 4-вежавых праваслаўных цэркваў беларускай готыкі адбываўся такім чынам: архітэктура дзвюхвежавага касцёла Святой Ганны паўплывала на архітэктуру больш позняга віленскага касцёла бернардзінцаў з трыма вежамі на вуглах, а той — на фарміраванне чатырохвежавых кампазіцый абарончых цэркваў Беларусі, якія і сталі квінтэсенцыяй самабытнасці беларускай готыкі. Відавочна, што ва главу вугла даследчыкам ставілася паступовае колькаснае павялічэнне вежаў, без уліку іх функцыянальнай спецыфікі, мастацкай стылістыкі і храналогіі ўзвядзення гэтых будынкаў[8]. Некаторыя недакладнасці даследаванняў Т. Габрусь тлумачыць недастатковым ведамі наконт датаванняў і колькасці помнікаў беларускай готыкі[9].

Нешматлікія гісторыка-архітэктурныя даследаванні пасляваеннага часу (Ю. Ягораў, М. Кацар, А. Міцянін, У. Чантурыя), толькі з большага закраналі аб’екты беларускай готыкі, адкінуўшы ўжо помнікі Вільні, у асноўным паўтаралі мастацтвазнаўчую канцэпцыю М. Шчакаціхіна. На мяжы 1960-1970-х гг. кола даследаваных помнікаў архітэктурнай готыкі Вялікага Княства Літоўскага значна пашырылі працы маскоўскай даследчыцы А. Квітніцкай і шэрагу літоўскіх даследчыкаў, такіх як А. Янкавячэне, В. Дрэма[8].

Пэўныя аналагі рамана-гатычных формаў, як кілепадобныя аркі і шматлікія раскрапоўкі лапатак, можна ўбачыць у Віцебскай Дабравешчанскай царкве, Полацкіх Спаса-Праабражэнскай царкве і Барысаглебскім саборы Бельчыцкага манастыра XII ст., што па часе амаль дакладна адпавядае з’яўленню першых гатычных формаў у архітэктуры Заходняй Еўропы[8].

З прычыны аддаленасці рэгіёна ад асяродка ўзнікнення і пашырэння гатычнага стылю, адметных сацыяльна-палітычных абставін фарміравання дзяржаўнасці, а таксама пераважна праваслаўнай, а не каталіцкай канфесійнай арыентацыі асноўнай масы насельніцтва краіны станаўленне готыкі ў яе культавым дойлідстве адбывалася са значным храналагічным спазненнем і ў надзвычай своеасаблівых формах, абумоўленых панаваннем тут на папярэднім этапе візантыйскіх архетыпаў[8].

Пранікненню форм заходнееўрапейскай гатычнай архітэктуры, і ў першую чаргу — з Італіі і Германіі, у Вялікае Княства Літоўскае спрыялі сацыяльна-палітычныя і эканамічныя абставіны. Гэта адбылося ў канцы XIV ст. з афіцыйным хрышчэннем Літвы ў каталіцтва праз дзейнасць жабрацкіх манаскіх ордэнаў францысканцаў і бернардзінцаў, а таксама ганзейскіх гандляроў. Першыя гатычныя мураваныя касцёлы былі ўзведзены ў буйнейшых гарадах дзяржавы — Вільні (касцёлы Св. Мікалая, бернардзінцаў і Св. Ганны) — і Коўнефара Вітаўта»), які па Нёмане меў развітыя гандлёвыя стасункі з землямі Паўночнай Германіі), таму ў іх назіраецца выразны ўплыў нямецкай готыкі, што і адзначае большасць даследчыкаў[8].

На тэрыторыі сучаснай Беларусі першыя мураваныя храмы ў стылі готыкі пабудаваны ў XIV ст. (касцёлы Яна Хрысціцеля ва Уселюбе, Св. Тройцы ў Ішкалдзі, Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга ў Наваградку, Св. Пятра і Паўла ў Іўі). На мяжы ХV- ХVІ стст. элементы готыкі праніклі ў праваслаўнае храмабудаўніцтва, знітаваліся з традыцыйнай візантыйскай аб’ёмна-прасторавай структурай цэркваў, што вызначыла мастацкую адметнасць і унікальнасць мясцовай готыкі (цэрквы-крэпасці ў Супраслі, Сынковічах, Мураванцы, Барысаглебская царква ў Наваградку). Архітэктурныя формы готыкі (стральчатыя аркі і нервюрныя скляпенні) прысутнічаюць ў гэты час таксама ў замкавым будаўніцтве Беларусі (Мірскі і Навагрудскі замкі). З 2-й чвэрці ХVІ ст. готыка становіцца апазіцыйным стылем каталіцкага храмабудаўніцтва супраць рэфармацыйнага руху. Найбольш выразныя рысы готыкі захаваў касцёл Міхаіла Архангела ў Гнезне (1527 г.). У канцы ХVІ ст. у каталіцкім мастацтве пашырыўся стыль барока, аднак элементы готыкі, такія як контрфорсы, існавалі ў архітэктуры касцёлаў да сярэдзіны ХVІІ ст.[8].

Шчыт Сынкавіцкай царквы
Бакавы фасад царквы ў Навагрудку з контрфорсамі, дэкарыраваны спляценнем аркатур
Скляпенні царквы ў Мураванцы

Храмавыя збудаванні былі пабудаваны з чырвонай брусковай цэглы (сярэдні памер цэглы складае 26 — 32×13 — 16×7 — 9,5 см) у стылі цаглянай готыкі (храм Раства Багародзіцы ў Мураванцы, акрамя таго мае рысы цаглянага рэнесансу — чаргаванне ў адным шэрагу некалькіх тычкоў)[2]. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, архітэктурны дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдзь). Асноўныя дэкаратыўныя элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудак)[1]. У аконных і дзвярных праёмах ужыта спічастая арка з малой стралой уздыму (Навагрудак, Сынкавічы, Супрасль, Кодзень)[2]. Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму[1]. Травеі нефаў перакрыты нервюрнымі, а таксама крышталічнымі скляпеннямі рознай канфігурацыі (сустракаюцца ва ўсіх помніках). У мэтах разгрузкі сцен выкарыстоўваюцца контрфорсы (Навагрудак, Сынкавічы, Кодзень). Тарцы двухсхільнага даху закрыты востраканцовымі шчытамі (сустракаюцца ва ўсіх помніках)[2].

Ва ўсіх праваслаўных цэрквах ужываецца архітэктурны тып так званай зальнай базілікі, дзе ўсе нефы маюць аднолькавую вышыню[2]. Акрамя адноснай прастаты выканання гэты тып у большай меры адказвае праваслаўнаму светапогляду і літургічнай практыцы, хоць для дойлідства Мазовіі, чый уплыў выразна адчуваецца ў гэтых помніках, зальны тып атрымаў найменшае распаўсюджанне. Але, калі зальныя базілікі касцёлаў, нават адносна невялікіх (у два ці тры праслы), падпарадкаваны прынцыпу падоўжна-восевай прасторавай арганізацыі, то ў праваслаўных цэрквах зала будуецца як цэнтрычная прастора[2].

План касцёла ў Ішкалдзі

Для каталіцкіх былі характэрны наступныя тыпы храмаў: трохнефны бязвежавы (Ішкалдзь, Іўе), аднаслупавы бязвежавы (Уселюб) і аднанефны аднавежавы (Гнезнаўскі касцёл Святога Міхаіла Арханёла, Дзераўноўскі касцёл Дабравешчання[1]). Аднанефавыя храмы з вежамізваніцамі на галоўным фасадзе ўяўляюць сабой манументальна-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі[1].

Вежы Мірскага замка
Парэбрык у цокалі вежы Мураванкаўскай царквы

Пра істотны ўплыў архітэктуры Мазовіі на беларускую готыку, сведчыць шэраг характэрных прыкмет — будаўнічых прыёмаў. Для мазавецкага дойлідства характэрна выкарыстанне ў аздабленні вонкавай паверхні сцен спараных ніш, упісаных у паўцыркульную нішу; пры гэтым унутраная паверхня нішы выбелена, а за яе межамі цагляная неатынкаваная сцяна, дзякуючы чаму ствараецца яркі кантраст чырвонага і белага, які мае месца ў Сынкавічах, Мураванцы і іншых помніках. У Мазовіі, акрамя таго, выкарыстоўваецца парэбрык (шчыт фасада касцёла  (англ.) ў Плоцку). Аналагічную дэталь мы бачым у цокалі маламажэйкаўскага храма. Мазавецкі касцёл  (польск.) у Ломжы мае буйнейшы малюнак нервюр скляпення ў цэнтральным нефе і драбнейшы ў бакавых, што дазваляе правесці паралель з канструкцыямі скляпенняў храма ў Мураванцы[2].

Сапраўдныя гатычныя элементы ў помніках беларускай готыкі прадстаўлена параўнальна «сціпла». Тут няма смелых канструктыўных рашэнняў, характэрных для маштабных сабораў Францыі  (руск.), Англіі, Германіі  (польск.), дзе дамінантай, як правіла, з’яўляецца шырокі асветлены цэнтральны неф, які падтрымліваецца знадворку аркбутанамі, якія абапіраюцца на контрфорсы. Адсутнасць аркбутан звязана з тым, што ў зальным тыпе пабудовы распор цэнтральнага нефа перадаецца на бакавыя, роўныя яму па вышыні. І праблема асвятлення памяшкання вырашаецца пасродкам выкарыстання вокнаў у сценах паўднёвага і паўночнага фасадаў[2].

Асноўнай агульнай прыкметай беларускай сакральнай готыкі з агульнаеўрапейскай з’яўляецца наяўнасць у сістэме перакрыцця збудаванняў нервюрных скляпенняў (крыжовых і зорчатых). Як і ў іншых краінах цаглянай готыкі, нервюры выконваліся з фасоннай цэглы, а не з каменю. Іх меншая трываласць абмяжоўвала велічыню пралётаў скляпенняў, прыводзіла да здрабнення сеткі нервюр, што спрыяла выкарыстанню зорчатых, а пазней і сотавых (альбо крышталёвых) гатычных скляпенняў. У апошніх нервюрны каркас запоўнены падобнымі на крышталь трохграннымі пірамідкамі, якія маюць уласную унутраную прасторавую жорсткасць. Праявай познегатычнага дэкора скляпенняў з’яўляецца сеткавы ромбападобны малюнак нервюр. З пачатку XVI ст. у архітэктуры мураваных касцёлаў, побач з формамі і канструкцыямі готыкі, пачынаюць адчувацца павевы рэнесансу[8].

Помнікі беларускай готыкі

[правіць | правіць зыходнік]

З вядомых на сённяшні дзень на тэрыторыі сучаснай Беларусі помнікаў мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва найбольш раннім узорам готыкі з’яўляецца ў сваёй аўтэнтычнай аснове касцёл Св. Яна Хрысціцеля ў вёсцы Уселюб, заснаваны ў першай палове XV ст.[8]. Знешні выгляд уселюбскага касцёла значна зменены шматлікімі перабудовамі ў XVIXX стст. Першапачаткова складаўся з асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёма, і больш нізкай пяціграннай апсіды даволі значных памераў. З паўночнага боку да прэсбітэрыя прылягала невялікая сакрысція з аднасхільным дахам, перакрытая нервюрнымі зорчатымі скляпеннямі. Асноўны аб’ём быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам, які быў аддзеленым ад вальмавага даха над апсідай мураваным франтонам. Высокі мураваны шчыт на галоўным фасадзе ўпрыгожвалі тры высокія стральчатыя арачныя нішы. Падобны абрыс мелі і аконныя праёмы. Усяго ў будынку было пяць вокнаў: два акна размяшчаліся на паўднёвым, адно — на паўночным фасадах, яшчэ два — на тарцовай і паўднёвай гранях апсіды. На галоўным заходнім фасадзе асіметрычна адносна цэнтральнай восі знаходзілася паўцыркульная арачная ніша[8].

Наступным крокам у развіцці беларускага мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва з’яўляецца Троіцкі касцёл у Ішкалдзі (Баранавіцкі раён), пабудаваны да 1471 г. Архітэктанічная кампазіцыя ішкалдскага касцёла ўяўляе значна больш дасканалую інтэрпрытацыю цэнтральнаеўрапейскіх гатычных формаў[8].

Ішкалдскі касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане залавы аб’ём з роўнавысокай выцягнутай пяціграннай апсідай прэсбітэрыя з сакрысціяй з паўночнага боку. У месцы далучэння вялікай двухпавярховай сакрысціі да асноўнага аб’ёма размешчаны вежападобны аб’ём ў чвэрць круга. Асноўны аб’ём накрыты высокім клінападобным дахам, які па вышыні роўны сценам збудавання[8]. Унікальнымі з’яўляюцца гатычныя канструкцыі даху, якія захоўваюць клеймы майстроў, аналагі якіх можна знайсці ў архітэктурных збудаваннях Заходняй Еўропы, у суседніх Польшчы і Літве[10]. Сцены храма ў канструкцыйных вузлах умацаваны контрфорсамі. На галоўным фасадзе вуглавыя контрфорсы падтрымліваюць масіўны мураваны шчыт даха, магутныя схілы якога маюць ступеньчата-пластычны абрыс, плоскія паўцыркульныя арачныя нішы на шчыце выконваюць адначасова разгрузачную і дэкаратыўную функцыю[8].

Унутры прастора асноўнага аб’ёма падзелена на тры нефы, з якіх бакавыя ўдвая больш вузкія за цэнтральны, але роўная з ім па вышыні. Усе травеі, перакрытыя крыжовымі з нервюрамі скляпеннямі[8].

Мураванае каталіцкае храмабудаўніцтва ў XVI ст. было замаруджана. У ліку нешматлікіх познегатычных каталіцкіх храмаў вылучаецца касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Гнезне, які адзначыў з’яўленне ў беларускім познегатычным каталіцкім храмабудаўніцтве элементаў рэнесансу[8].

Шырокі прамавугольны неф гнезнаўскага касцёла завяршаны з усходу трохграннай алтарнай часткай. Будынак накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Адсутнічае перапад вышынь дахаў нефа і алтарнай апсіды, што характэрна для больш ранніх гатычных касцёлаў. Адсутнасць апсіды прэсбітэрыя і сакрысціі робіць гнезнаўскі касцёл, нягледзячы на яго значныя памеры, падобным да капліцы ці да пратэстанцкіх храмаў больш позняга часу, якія не мелі вылучанага алтарнага памяшкання. Акрамя таго, гнезнаўскі касцёл адпачатку меў напаўпадземную крыпту. Тонкія гатычныя сцены прарэзаны вялікімі перспектыўнымі стральчатымі арачнымі праёмамі вокнаў і ўмацаваны контрфорсамі, прамавугольнымі нішамі, роўнай вышыні з вокнамі, надаюць сценам унутраную канструкцыйную жорсткасць[8].

Над стральчатымі праёмамі вокнаў назіраюцца сляды распалубак, якія сведчаць пра існаванне гатычных скляпенняў. Даследчыкі меркаваць, што першапачаткова перакрыцці падтрымлівалі шэсць апорных слупоў, размешчаных адпаведна вонкавым контрфорсам. Пры гэтым бакавыя нефы былі даволі вузкія. Хутчэй за ўсё, сістэма скляпенняў гнезнаўскага касцёла першапачаткова паўтарала архітэктоніку гатычнага ішкалдскага касцёла[8].

Шмат’ярусная вежы-вестверк далучана да галоўнага фасада без перавязкі муроўкі, што сведчыць пра тое, што яна была ўзведзена пазней за асноўны аб’ём, але ў хуткім часе пасля яго.

Яшчэ адзін помнік каталіцкага гатычнага храмабудаўніцтва XVI ст., касцёл францысканцаў у Ашмянах, моцна пацярпеў ад пазнейшых перабудоў і разбурэнняў. На сённяшні дзень захоўваюцца гатычныя ніжнія часткі сцен у алтарнай частцы храма, уключаныя ў пазнейшы класіцыстычны будынак.[11]

У Навагрудку (Гродзенская вобласць) у першай чвэрці XVI ст. быў пабудаваны сабор Св. Барыса і Глеба, які першапачаткова, да перабудоў XVII—XIХ стст., з’яўляўся трохнефным двухпраславым з пяціграннай адначастковай апсідай збудаваннем, перакрытым востраканцовым дахам[2][12].

У Сынкавічах (Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён) у 1520-я гг. была ўзведзена царква Архангела Міхаіла — чатырохслупнае, трохнефнае, трохпраславае, зальнага тыпу збудаванне, перакрытае востраканцовым двухсхільным дахам, фланкаванае чатырма вуглавымі вежамі, з трохчастковым алтаром паўкруглай формы на ўсходнім фасадзе[2][13][14].

У Мураванцы (Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён) у 1530-я — пачатку 1540-х гг. была пабудавана царква Раства Багародзіцы — трохнефная, трохпраславая, з адной паўкруглай апсідай зальнага тыпу пабудова, перакрытая востраканцовым дахам і фланкаваная чатырма цыліндрычнай формы вуглавымі вежамі[2][15].

У Вільні (цяпер сталіца Літоўскай Рэспублікі) у гэты перыяд было ўзведзена некалькі каменных праваслаўных цэркваў. Успенскі (Прачысценскі) сабор (1511—1522) пабудаваны на месцы аднайменнага храма, узведзенага ў XIV ст. Гэта першапачаткова, да пазнейшых перабудоў, трохнефнае, трохпраславае, перакрытае востраканцовым дахам, фланкаванае чатырма вуглавымі вежамі, увянчанае над сяродкрыжжам купалам, збудаванне зальнага тыпу з трохчастковым гранёным алтаром[2][16][17].

Царква Свяціцеля Мікалая (другая палова 1510-х — пачатак 1520-х гг.) — першапачаткова (да перабудоў сярэдзіны XVIII — пачатку ХХ стст.) трохнефнае, трохпраславае, зальнае збудаванне з трохчастковым паўкруглым алтаром і квадратнай у плане вежай-званіцай, якая прылягае да паўднёва-заходняга вугла, перакрытае востраканцовым дахам, на каньку якой размяшчалася драўляная глаўка[2][18].

Царква Святой Тройцы (другая палова 1510-х — пачатак 1520-х гг.), першапачаткова, да перабудоў XVII—XIX стст., уяўляла сабой традыцыйны для Беларусі храм-крэпасць[19]. Царква ўяўляла сабой трохнефную, шасцістоўпную, трохпраславую, зальную пабудову з трохчастковым паўкруглым алтаром, накрытую востраканцовым дахам з драўлянай галоўкай на вільчаку, па вуглах фланкавалася чатырма вежамі[2][20]. Па версе і ў вежах былі прапрэзаныя байніцы. Тыпалагічна царква Святой Тройцы ў Вільні бліжэй за ўсё да царквы-крэпасці ў Сынкавічах[19], якая, паводле шэрагу архітэктурна-мастацкіх характарыстык, была ўзведзена тымі ж майстрамі амаль адначасова з ёй (але, верагодна, пазней) у пачатку XVI ст. Таксама яны, магчыма, мелі аднаго фундатара — Канстанціна Астрожскага. Асноўным аргументам на карысць гэтага з’яўляецца аналагічнае вырашэнне алтарных частак гэтых храмаў і наяўнасць аркатурнага пояса вакол усходніх вежаў і алтарных апсід на ўзроўні цокаля збудаванняў[8].

На мяжы XVI і XVII стагоддзяў царква была падоўжана наперад. Першапачатковы галоўны фасад з дзвюма баквымі вежамі быў разабраны, замест яго былі дадаткова прыбудаваны бабінец з хорамі над ім. Злева прыбудавана сакрысція, а справа — капліца Святога Лукі. З 1760 года цягам ажно 25 гадоў храм і ўвесь манастыр перабудоўваліся ў стылі барока паводле праекта Яна Хрыстафора Глаўбіца. У часы Расійскай імперыяй, манастыр базыльянаў перастаў існаваць. Пасля таго, як у 1845 годзе ўжо зусім занядбаны манастыр было вырашана перадаць Рускай праваслаўнай царкве, царква зведала амаль поўную перабудову ў стылі гістарызму[19].

У Супраслі (цяпер Рэспубліка Польшча, Падляскае ваяводства) у 1503—1510 гг. быў пабудаваны Дабравешчанскі сабор — трохнефнае, трохпраславае, зальна-купальнае збудаванне з гранёнай апсідай, квадратным у плане бабінцом (прыбудаваны ў XVII ст.), высокім двухсхільным дахам і чатырма цыліндрычнымі вуглавымі вежамі[21]. У 1944 г. быў падарваны адыходзілымі нямецка-фашысцкімі войскамі. У 1998 г. да 500-гадовага юбілею манастыра храм у цэлым быў адноўлены ў адпаведнасці з першапачатковым абліччам, зафіксаваным даследчыкамі пачатку ХХ ст[2][22].

У Кодне (цяпер Рэспубліка Польшча, Люблінскае ваяводства) у 1530-я гг. была пабудавана царква Св. Духа — трохнефнае, трохпраславае, чатырохслупнае збудаванне, перакрытае двухсхільным востраканцовым дахам, з адначастковай паўцыркульнай апсідай[2][23][24].

Архітэктурныя формы, канструкцыі і будаўнічая тэхніка готыкі найбольш характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскі замак, Мірскі замак). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст.[1]

Зноскі

  1. а б в г д е ё Готыка. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Хоряк А. П. ВОСТОЧНОХРИСТИАНСКОЕ ХРАМОСТРОИТЕЛЬСТВО БЕЛАРУСИ ПЕРВОЙ ТРЕТИ XVI В. ВЛИЯНИЕ ЗАПАДНОЕВРОПЕЙСКОГО ЗОДЧЕСТВА И ТРАНСФОРМАЦИЯ ТРАДИЦИЙ. «Сообщения Национального художественного музея Республики Беларусь», выпуск 6, 2005. Мн., «Белпринт», 2007, стр. 233—243. Архівавана 17 красавіка 2016.
  3. Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. /Репринт. изд. 1928 г. — Мн., 1993. — С. 242—270
  4. Касьпяровіч М. Беларуская архітэктура. — Віцебск, 1925. — С. 25-30, 52.
  5. Янкявічэне А. С. Самабытныя рысы беларускай готыкі //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. № 1 (17). — С. 15-21
  6. Габрусь Т. В. Што такое беларуская готыка? //Мастацтва. 1997. № 9. С. 58-64.
  7. Кушнярэвіч А. М. Ініцыіруем паняцце «Готыка Вялікага Княства Літоўскага» //Мастацтва. 1997. № 9. — С. 65-66.
  8. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
  9. Ирина ЧЕБАН. НИКОЛАЙ ЩЕКАТИХИН — ЗНАКОВАЯ ФИГУРА В БЕЛОРУССКОМ ИСКУССТВОВЕДЕНИИ. Издательство Белорусская энциклопедия им. Петруся Бровки, Минск.
  10. а б Святлана АДАМОВІЧ. ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
  11. А. Кушнярэвіч, А. Брыль. Готыка ў Ашмянах, Бел. гіст. час. № 10, 2010.
  12. Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. — Мн., 1993. — С. 56-60
  13. Багласаў С. Г. Царква-крэпасць //Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. — Мн., 1986. — С. 192—193. № 692
  14. У. А. Чантурыя. История архитектуры Белоруссии. — Мн.: Выш. школа, 1977. — 319 с.: ил.— С. 87-92
  15. Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. — Мн., 1993. — С. 71-83
  16. Lietuvos architekturos istoria. T. 1: Nuo seninausiu laiku iki XVII a. vidurio. V., 1987. — Р. 153
  17. Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. — Мн., 1993. — С. 90-91
  18. Янкявичене А. С. Некоторые сооружения Вильнюса XVI в. //Архитектурное наследство. 1964. Т. 17. — С. 6
  19. а б в Сяргей Харэўскі. Царква Святой Тройцы. Віленскі музей. 21 студзеня 2003 Архівавана 22 верасня 2016.
  20. Янкявичене А. С. Некоторые сооружения Вильнюса XVI в. //Архитектурное наследство. 1964. Т. 17. — С. 5
  21. Покрышкин П. П. Благовещенская церковь в Супрасльском монастыре //Сб. археолог. статей, поднесенных Графу А. А. Бобринскому в день 25-летия председательства его в Имп. Археолог. комиссии. СПб., 1911. — С. 222—237.
  22. 500 lat monasteru w Supraślu. Białystok, 1998
  23. Квитницкая Е. Д. Малоизвестные зальные сооружения Белоруссии XV — начала XVI в. //Архитектурное наследство. — М., 1967. Т. 16.- С. 8-12
  24. Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. — Мн., 1993. — С. 60-62
  • Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. /Репринт. изд. 1928 г. — Мн., 1993. — С. 242—270
  • Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
  • Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. — Мн., 1993.
  • Квитницкая Е. Д. Малоизвестные зальные сооружения Белоруссии XV — начала XVI в. //Архитектурное наследство. — М., 1967. Т. 16.
  • Янкявічэне А. С. Самабытныя рысы беларускай готыкі //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. № 1 (17).
  • Баравы Р. В. Невядомы помнік беларускай готыкі. //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. −1987, № 2. — С.20-24.