Іракскія беспалётныя зоны былі ўведзены міжнароднай кааліцыяй пасля завяршэння вайны ў Персідскім заліве (1991) для забеспячэння бяспекі курдскага і шыіцкага насельніцтва ў Іраку і праіснавалі да пачатку Іракскай вайны (2003).
У сакавіку 1991 года адразу пасля завяршэння міжнароднай ваеннай аперацыі «Бура ў пустыні» ў Іраку пачалося паўстанне курдаў і шыітаў, якое, аднак, было хутка задушана іракскай арміяй. Услед за гэтым ЗША і шэраг іншых краін разгарнулі гуманітарную аперацыю «Суцяшэнне» (Provide Comfort) на поўначы краіны для дапамогі курдскім бежанцам. Для таго, каб перашкодзіць выкарыстанню іракскай авіяцыі супраць курдаў, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі аб стварэнні так званай «беспалётнай зоны», мяжа якой была ўсталявана па 36-й паралелі. З’яўленне самалётаў ВПС Ірака ў гэтым раёне было забаронена.
Другая забароненая зона была ўведзена над поўднем Ірака для абароны шыітаў у жніўні 1992 года (на поўдзень ад 32-й паралелі). У якасці прававога абгрунтавання свайго рашэння саюзнікі спасылаліся на рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН 688 (1991), хоць фактычна тэкст рэзалюцыі не санкцыянаваў стварэнне падобных зон. Ірак ніколі не прызнаваў іх.
Абедзве беспалётныя зоны патруляваліся баявой авіяцыяй саюзнікаў (Францыя спыніла ўдзел у патруляванні ў 1998 годзе). На поўначы гэта ажыццяўлялася ў рамках аперацыі «Provide Comfort», а з 1997 года — «Паўночны дазор» (Northern Watch). На поўдні праводзілася аперацыя «Паўднёвы дазор» (Southern Watch), з 2002 года — «Паўднёвы фокус» (Southern Focus).