Блюшчык плюшчападобны | |||||||||||||||||||||||
Блюшчык плюшчападобны Агульны выгляд квітнеючай расліны | |||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||
Glechoma hederacea L. | |||||||||||||||||||||||
|
Блю́шчык плю́шчападо́бны[1][2], Расхо́днік, Каці́ная/Саба́чая мя́та, Го́рлечнік, Скуля́шнік[3][4] ⓘ (Glechóma hederácea)[5] — від шматгадовых травяністых раслін роду Блюшчык (Glechoma) сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae). Распаўсюджаны ва ўмераным і міжземнаморскім клімаце еўразійскага кантынента, на асобных тэрыторыях у Паўночнай Амерыцы.
На Беларусі з’яўляецца адным з двух відаў роду Блюшчык. Другі від — блюшчык цвёрдаваласісты (Glechoma hirsuta)[6].
Беларуская назва — скажонае плюшчык, г. зн. «маленькі плюшч»[3]. Іншыя назвы ў масе сваёй абыгрываюць падабенства расліны адначасова да мяты і плюшча, і яе ўласцівасць хутка распаўсюджвацца па паверхні зямлі — сабачая/каціная мята, расходнік. Назва горлечнік можа апісваць будову кветкі[3]. Элізай Ажэшка запісана назва скуляшнік з наступным тлумачэннем: «Пад лісцем гэтай расліны ўтвараюцца ўвосень маленькія нарасты, а ўсякія нарасты, балячкі і г.д. называюцца па-беларуску скулы. Адгэтуль назва расліны, да таго ж служыць яна лякарствам супраць усялякіх скул альбо бародавак, балячак і г.д.[7]».
Рэгіянальныя назвы расліны прыводзіць А. Кісялеўскі[1]: На Брэшчыне расходнік гародны, расходнік лесавы[8], на Гродзеншчыне плюшчык[9], на Магілёўшчыне каціная мята, мята кашачча, расходнік[10][11][12], на Смаленшчыне каціная мята, сабачча мята[9][11].
Расліна валодае багатай сінанімікай[13]:
Блюшчык плюшчападобны — шматгадовая трава з паўзучым голым ці пакрытым кароткімі валаскамі сцяблом даўжынёй 10-40 см, са шматлікімі ўкаранёнымі парасткамі. Сцябло чатырохграннае, укараняецца ў вузлах[5].
Ніжнія лісткі пупышкападобныя або круглява-пупышкападобныя з доўгімі хвосцікамі, буйнагародчатыя, верхнія круглява-сэрцападобныя на кароткіх хвосціках ці амаль сядзячыя, на сцябле размешчаны супраціўна. Па краях — буйнакруглазубчатыя, голыя ці рассеяна апушаныя кароткімі валаскамі[5].
Кветканосныя пабегі прыўздымаюцца. Кветкі маленькія, трубчастыя, двухгубыя, фіялетавыя або сінявата-ліловыя, блакітнаватыя, рэдка — белыя, сабраныя пучкамі па 3-4 штукі ў пазухах сярэдніх і верхніх лістоў. Калякветнік двайны. Вяночак коратка пушысты, верхняя губа яго адваротнасарцавідная, плоская, ніжняя даўжэй верхняй, з трыма яйкападобнымі бакавымі лопасцямі[5]. У вяночку 5 пялёсткаў даўжынёй 10-20 мм. Тычынак чатыры, з іх дзве кароткія. Песцік адзін.
Плод распадны, складаецца з 4 яйкападобных гладкіх арэшкаў даўжынёй да 2 мм ад светла-карычневага да цёмна-карычневага колеру. Плады спеюць у чэрвені-жніўні[15].
Каранёвая сістэма складаецца з пучкоў, звязаных з паўзучым карэнішчам, якое таксама трымае 10-20 пабегаў.
Валодае моцным своеасаблівым пахам і горкім, злёгку пякучым, смакам.
З-за вельмі хуткага росту і багатага галінавання, пабегі забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Таксама можа размнажацца карэнішчамі.
Кветкі ў асноўным апыляюцца чмялямі (Bombus), іх наведваюць прадстаўнікі сямействаў Журчалкі (Syrphidae) і Жужала (Bombyliidae) (род Bombylius), таксама жукі і мурашкі. Журчалкі бяруць толькі пылок[15].
Таксама на кветкі блюшчыка прылятае мноства дзікіх пчол, у тым ліку Anthophora furcata, Anthidum manicatum, Anthophora plumipes, Anthophora quadrimaculata, Osmia aurulenta, Osmia caerulentes, Osmia uncinata. Сярод іншых насякомых-наведвальнікаў называюцца Anthocharis cardamines, лімонніца звычайная (Gonepteryx rhamni) і бялянка бручкавая (Pieris napi)[16]. Некаторыя насякомыя, у тым ліку Rondaniola bursaria[17], Liposthenes glechomae[18] і Liposthenes latreillei[19] пакідаюць галы на яго лістах.
Плады распаўсюджваюцца мурашкамі .
Лік храмасом роўны 2n = 18, 36. Блюшчык плюшчападобны лічыцца дыплоідным[20].
Расце па хмызняковых зарасніках, у палях, ліставых і змяшаных лясах, на сырых лугах і як пустазелле каля жылля[5]. Расліна ценевынослівая і аддае перавагу вільготным, цяжкім, урадлівым вапняковым глебам, багатым мінераламі, асабліва злучэннямі азоту. Часцей за ўсё расце на глебах з pH ад 5,5 да 7,5, але добра развіваецца і пры pH 4,0[21].
Добра пераносіць частую касьбу і ўмераны выпас быдла[22].
Арэал[23] — практычна ўся Еўропа (уключаючы Усходнюю) і зона ўмеранага клімату Азіі: паўночны захад Пярэдняй Азіі (Турцыя), Закаўказзе (Грузія і Азербайджан), паўночны ўсход Сярэдняй Азіі (Казахстан), Кітай (правінцыя Сіньцзян)[24].
У Расіі сустракаецца ў еўрапейскай частцы, на Паўночным Каўказе і ў Дагестане, ва Усходняй і Заходняй Сібіры. Адзінкавыя месцазнаходжанні вядомыя на Далёкім Усходзе[5].
У Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі[5].
Блюшчык плюшчападобны быў занесены і натуралізаваўся ў Паўночнай Амерыцы, дзе лічыцца злосным пустазеллем у штатах Кентукі, Небраска і Вісконсін у ЗША[14].
Надземная частка расліны ўтрымлівае дубільныя рэчывы, горкія рэчывы , сапаніны, смолы, халін, эфірныя алеі (0,03-0,06 % у сухой расліне), солі калію, свабодныя амінакіслоты: метыянін, цыстэін, сярын[5].
Наяўнасць свабоднага метыяніну адыгрывае вялікую ролю ў абмене фасфатыдаў, ператвараючы этаналамін у халін і назад[26]
У лісці ў перыяд цвіцення ўтрымліваюцца вітамін C (30-32,8 мг%), правітамін А (8,2 мг%).
У кветцы ўтрымліваюцца фруктоза, глюкоза і цукроза ў адносінах 1,0:1,1:3,6. Нектара ў кветцы звычайна 0,3 мкл з сярэдняй колькасцю цукру каля 43 %.
У расліне ўтрымліваюцца цынеол , альфапінен, апігенін , бэта-сітастэрол , барнеол , кафейная кіслата , фярулавая кіслата , флавоны , ёд, люцэалін , ментол, рутазід[27][28].
Вяснова-летні доўгаквітнеючы меданос, які дае светла-жоўты духмяны мёд. Пчолы бяруць з блюшчыка нектар ва ўмеранай колькасці; вясной наведваюць часцей[29].
Да пачатку вырошчвання хмелю блюшчыкам карысталіся для кансервавання піва з-за наяўнасці ў ім горкіх рэчываў[30].
Змяшчае эфірныя алеі (0,03-0,06 % у сухой расліне), з-за чаго выкарыстоўваецца для араматызацыі і прыгатавання танізуючых напояў. Лісце можна ўжываць у ежу для падрыхтоўкі супоў і ў якасці зялёнага салата[31].
Лекавая расліна, выкарыстоўваецца ў нямецкай і французскай навуковай медыцыне[3].
Выкарыстоўваецца як антысептычны, раназагойваючы сродак, для араматызацыі напояў, паляпшэння смаку і паху мікстур.
У медыцыне Заходняй Еўропы расліну выкарыстоўваюць пры запаленні лёгкіх, бранхіяльнай астме, захворваннях печані і жоўцевага пузыра, шчытападобнай залозы, скуры, пры мочакаменнай хваробе[5].
У народнай медыцыне блюшчык лічыцца адхарквальным, страўнікавым, мачагонным, жоўцегонным, супрацьзапаленчым і болесуцяшальным сродкам. Надземную частку выкарыстоўваюць пры застарэлых грудных катарах, хваробах мачавога пузыра, ліхаманцы, прастудзе, хваробах скуры, горла, селязёнкі, базедавай хваробе, ангінах, бранхіяльнай астме, болях пасля родаў, сухотах лёгкіх, хваробах нырак, печані (жаўтусе і пухлінах)[5].
У традыцыйнай кітайскай медыцыне блюшчык таксама выкарыстоўваецца для лячэння пнеўманіі і нефрыту[32].
Вонкава выкарыстоўваюць пры лячэнні ран, язваў, пухлін[5], пры пераломах касцей і вывіхах, сутаргах канечнасцей. Свежымі лістамі лечаць каросту і розныя скурныя хваробы. Прымочкі з адвару ўжываюць пры слёзацёку.
У гамеапатыі выкарыстоўваюць эсенцыю са свежых раслін з кветкамі, якая з’яўляецца прафілактычным сродкам супраць атручванняў свінцом у мастацкіх майстэрнях і ў малярнай вытворчасці[3].
У ветэрынарыі ўжываюць як глістагонны сродак[4].
Хоць шмат дзе і лічыцца пустазеллем, выкарыстоўваецца як дэкаратыўная расліна. Выведзены гатунак з белымі бакамі ліставых пласцінак[3].
З-за схільнасці блюшчыка плюшчападобнага ўтвараць пляцоўкі, поўнасцю пакрытыя дываном з раслін, можа выкарыстоўвацца на клумбах і альпійскіх горках[33]. З’яўляецца пустазеллем на газоне, бо не дае расці іншым відам раслін.
Кветкі выкарыстоўваюць часам для ўпрыгожвання тартоў.
Расліна лічыцца атрутнай, прымаць трэба з асцярожнасцю[5]. Ёсць указанні на атрутнасць блюшчыка для млекакормячых, асабліва для коней[34], але і для іншых жывёл, напрыклад, грызуноў[30]. На пашы расліна жывёламі не паядаецца, але засмечанае ёю сена можа выклікаць іх атручванне. У выпадку паглынання блюшчыка адбываецца паражэнне органаў дыхання (ацёк лёгкіх[3]), слабасць сэрца, абцяжаранае дыханне, пашырэнне зрэнак, моцнае аддзяленне поту, выцяканне пены з носа, сінюха слізістых абалонак[4].
Першая дапамога складаецца ў прызначэнні слабільных сродкаў і правядзенні сімптаматычнай тэрапіі (ужыванне ўзбуджальных, сардэчных і іншых сродкаў). Добры тэрапеўтычны эфект дае ўвядзенне хлорыстага кальцыю[4].
Атручванні ў людзей не зафіксаваныя[34].
Збіраюць расліну ў перыяд цвіцення, хутка сушаць у цені і захоўваюць у зачыненых скрынках або слоіках, высланых паперай.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |