Бруктэры

Арэал рассялення бруктэраў (bructeres) у I ст. н.э. (чырвоны колер)

Бруктэры (лац.: Boroctra/Bructeri; грэч. Βρούκτεροι/Βουσάκτεροι; ням.: Botheresgau/Botheresge) — старажытнагерманскае племя, якое жыло паміж ракой Ліпэ і верхняй часткай басейна ракі Эмс, на тэрыторыі сучаснай нямецкай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Паходжанне назвы бруктэраў спрэчна. Існуе гіпотэза, што яна паходзіць ад слова Brook=Bruch, балота (пар. суч. англ. brook — «крыніца»).

Бруктэры становяцца вядомымі каля 12 г. да н.э. Арэал рассялення бруктэраў размяшчаўся непасрэдна на поўдзень ад земляў хаўкаў і хамаваў, з якімі бруктэры ўступілі ў саюз, што дазволіла шэрагу прырэйнскіх германскіх плямёнаў атрымаць перамогу над рымлянамі ў Тэўтабургскім лесе ў 9 г. н.э. Не менш паспяховым для бруктэраў было і Батаўскае паўстанне 68-69 гг. Пазней бруктэры ўвайшлі ў склад саюза рыпуарскіх франкаў, і, відаць, растварыліся сярод іх, паступова мігруючы на поўдзень ад ракі Ліпэ. Самым вядомым паўлегендарным персанажам бруктэраў была іх мудрая дзева Веледа, якая ўзначаліла іх атрады падчас Батаўскага паўстання і якую бруктэры шанавалі як багіню.