Двухдомнае дрэва вышынёй 5-10 м, пад уплывам знешніх фактараў іншы раз расце кустом. Кара гладкая, зеленавата-шэрая, на смак салодка-вяжучая. Лісце шчыльнае, авальнае або яйцападобнае з нераўнамерна-зубчастым краем, зверху маршчакаватае, знізу шэралямцавае, распускаецца пазней за кветкі. Кветкавыя пупышкі буйныя, чырванавата-бурыя, голыя, бліскучыя. Каташкі («коцікі») густыя, шматлікія, з лісточкамі каля асновы, тычынкавыя сядзячыя, песцікавыя на кароткіх ножках, распускаюцца раней за лісце. Плод — каробачка.
Марозаўстойлівая, мала патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы расліна. Мае вялікі арэал пашырэння ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі — на поўначы да арктычнай Скандынавіі, на ўсходзе — да Сахаліна. Пашыраны на Каўказе, у Заходняй Сібіры. На Беларусі трапляецца ўсюды: у лясах на высечках, узлесках, каля дарог, сярод хмызняку, на берагах рэк. Цвіце ў красавіку-маі, насенне выспявае ў чэрвені. Размнажаецца насеннем і парасткамі.
Дэкаратыўная і лекавая расліна (з лекавай мэтай выкарыстоўваецца кара). Добры дубільнік і фарбавальнік. Драўніна прыдатная для будаўніцтва, сталярных вырабаў. Аблісцелыя галінкі — добры корм для жывёлы.
Скарыстоўваецца як прышчэпа для вырошчвання ніцых дрэвападобных форм. Прыдатны для замацавання берагоў.
Зноскі
↑Salix caprea L.(англ.)(недаступная спасылка). The Plant List (2010). Version 1. Published on the Internet; http://www.theplantlist.org/. Royal Botanic Gardens, Kew and Missouri Botanical Garden. Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2019. Праверана 21 сакавіка 2011.