Будзікід | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Трайдзень | ||||||
Пераемнік | Будзівід | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1240-я гады | ||||||
Смерць | 1290-1291, або 1295 | ||||||
Род | адзін з заснавальнікаў Гедзімінавічаў | ||||||
Бацька | Трайдзень | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будзікі́д, Буцігейд (аг.-усх.-слав.: Боудикидъ, лац.: Butegeyde) — вялікі князь літоўскі (1282—1292).
Найбольш набліжанай да меркаванага арыгінальнага гучання лічаць форму перададзеную лацінай. Двухасноўнае імя Butegeyde складаецца з асноў but- i geid-. Першая звязана з літоўскім būti «быць», butas «жытло», другая — з geisti «жадаць, прагнуць» (у 3-й асобе адз. і мн. лікаў geidžia), такім чынам імя магло несці сэнс «прагны да жыцця» (так маглі называць, калі ранейшыя дзеці ў сям’і паміралі). Вядома сучаснае літоўскае адыменнае прозвішча Geidbutas, у якім асновы займаюць адваротныя пазіцыі. Тыпалагічна аснове geid- адпавядае аснова nor- ад norėti «жадаць, хацець», такім чынам, пары імёнаў Butigeidas-Geidbutas ёсць аналаг — пара імёнаў Butnoras-Norbutas.[1]
Пэўных звестак пра паходжанне Будзікіда няма. Большасць даследчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Даследчыкі зыходзячы з таго, што Трайдзень меў дзяцей — вядома дачка Гаўдэмунда, імаверна, маглі быць і сыны, і пры канцы жыцця меў значныя сілы, каб забяспечыць ім атрыманне спадчыны. Трайдзень не быў забіты змоўнікамі, як паведамляе пазнейшая Хроніка Быхаўца[2], а памёр натуральнай смерцю[3] ў 1282 годзе і пасля яе не вядома пра ўнутраныя канфлікты ў краіне. Крыніцы называлі Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам, а ў 1286 годзе ўжо згадваюць іншага «караля Літвы». Зяць Трайдзеня — плоцкі князь Баляслаў, падтрымліваў з ім цесныя сувязі і захаваў іх пасля смерці цесця, нават назваў Трайдзеням свайго сына, які нарадзіўся ў 1284—1286 гадах. Таму звесткі пазнейшых крыніц, што пасля смерці Трайдзеня запанавала новая дынастыя, не лічаць верагоднымі — імаверней, уладу спадкавалі яго нашчадкі, хутчэй, сыны, адным з іх, магчыма старэйшым, быў Будзікід.
Іншую думку выказаў Ежы Ахманьскі, ён адзначыў, што паводле аповесці «Задоншчына» Альгердавічы называюць сябе «унукамі Гедзімінавымі, праўнукамі Скаламендавымі», і прапанаваў гіпотэзу, што бацькам Будзікіда (і Будзівіда) быў князь Скаламенд[4]. На думку Сцівена Роўэла, Скаламенд мог быць і цесцем Гедзіміна[5]. На думку Вячаслава Насевіча, у «Задоншчыне» слова «праўнукі» магло ўжывацца ў значэнні «аддаленыя нашчадкі», а імя «Скаламенд» падобна і можа быць змененай формай імя Скамонт або Скоманд, пад якім згаданы ў летапісах два яцвяжскія князі — адзін з іх, Скоманд (Комант), вядомы бліжэй[6]. Таму Насевіч выказаў гіпотэзу яцвяжскага паходжання не толькі вялікага князя Трайдзеня, але і яго наступнікаў на стальцы, у тым ліку Будзікіда, Будзівіда і іншых[6].
Томас Баранаўскас не згаджаецца з такой інтэрпрэтацыяй і лічыць, што Альгердавічы ў «Задоншчыне» дакладна і паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, пасля дзеда Гедзіміна, прадзеда — Скаламенда, і ў гэтым кантэксце пераскок праз адну прыступку дынастыі быў надуманы Ежы Ахманьскім. Такім чынам, князь Комант, калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцем Гедзіміна — і другое больш імаверна зыходзячы з іншых вядомых крыніц.
Паводле Рымвідаса Пятраўскаса, структурнай умовай улады знаці ў пачатковы перыяд існавання ВКЛ (да канца XV ст.) быў род, які быў значна важней і шырэй за сям’ю — сувязі, якія ўзнікалі праз роднасць, дазвалялі фармаваць функцыянальную ўладу на месцах і ўмацоўваць уплыў асобных прадстаўнікоў знаці на жыццё дзяржавы. Пятраўскас лічыць, што тагачасны род не быў закрытай структурай, а пастаянна зменнай групай людзей з «адкрытай структурай», дзе роднасць з бакоў бацькі і маці мела прыблізна аднолькавае значэнне, таму структура роду не была стабільнай, бо кожнае новае пакаленне жыло ў новай родавай канфігурацыі (складзе)[7]. Таму нават землеўладанне роду не было стабільным. Пятраўскас лічыць, што толькі са стварэннем дзяржаўных структур і ўкаранення сістэмы ўрадаў у XV ст. адбылася непазбежная трансфармацыя старога роду ў строга структураваны агнатычны род, у якім дамінавала мужчынская спадчынная лінія. Гэтую трансфармацыю, звязаную з працэсам канцэнтрацыі ўлады ў руках асобных галін знатных родаў, адлюстроўвае ўзнікненне на пераломе XIV—XV ст. спадчынных родавых імён («прозвішчаў») па ўсходнеславянскай мадэлі «імя+імя па бацьку» (Ян Кезгайлавіч, Станька Судзівоевіч і г.д.) і генеалагічнай свядомасці, якой раней не было[8]. Пятраўскас сцвярджае, што факты неўказання, напрыклад, прадзеда вялікага князя літоўскага Вітаўта ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (які пачынае гісторыю Вітаўта толькі з Гедзіміна), нельга тлумачыць непрыдатным ці нязнатным паходжаннем (генеалогіяй) князя, а толькі малой неабходнасцю памятаць генеалогію па мужчынскай лініі, калі структура неагнатычнага роду магла змяніцца на працягу некалькіх пакаленняў і значнасць мелі шырокія родавыя сувязі, якія існавалі сінхронна ў часе, а не сямейныя[8]. Гісторык лічыць, што такія паняцці як «Гедзімінавічы» або «Альгердавічы» ужываліся сучаснікамі толькі ў адносінах да прамых нашчадкаў, а іх перанос на іншыя пакаленні — вынік работы пазнейшых гісторыкаў[8]. Адсутнасць спадчыннага імя, на думку Пятраўскаса, дае падставу сцвярджаць, што слаба функцыянаваў такі, відавочна, важны для роду аспект як генеалагічны[9].
Упершыню Будзікід згадваецца Галіцка-Валынскім летапісам у красавіку-маі 1289 года, калі разам з братам Будзівідам перадаў Ваўкавыск уладзімірскаму князю Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з тым мір.
«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[10]
Напэўна, Будзікід тоесны невядомаму імем вялікаму князю літоўскаму («rex Lethovinorum»), які восенню 1289 года ўварваўся на чале войска з 8000 вершнікаў у Самбію, рабаваў яе 14 дзён і на зваротным шляху ў сутычцы з тэўтонскімі рыцарамі страціў забітымі больш за 80 воінаў.[11]
У лістападзе 1290 года лівонскі ландмагістр у лісце да прускага ландмагістра Тэўтонскага ордэна пытаўся, ці будзе зімою здзейснены паход супраць Жамойці, і прапаноўваў напасці на зямлю Будзікіда адначасова з гэтым паходам, калі атрымае папярэджанне за тры тыдні да яго пачатку.
«Verum quia presens tempus nos convenire non patitur propter multa, que vobis per alias literas scripsimus, et quia novimus sanius apud vos quam apud nos esse consilium propter plures fratres, quos habetis industrios maxime et discretos, supplicamus omni, qua possumus, precum instancia, quatenus super predictis articulis nobis vestrum maturum consilium rescribatis et, si vobis et vestris videbitur forsitan expedire, quod possitis et velitis adhuc ista hyeme producere exercitum contra hostes Lettowinos videlicet de Sameyten, nos ex nostra parte, si nobis diem et tempus tribus semptimanis ad minus ante scripseritis et secrete, toto posse nostro terram regis Butegeyde eodem tempore invademus.»[12]
Памёр перад 1292 годам, бо тады згадваецца ўжо Pucuwerus rex Lethowie.[13]