Бузульнік[1] (Ligularia) — род кветкавых раслін сямейства астравых. Больш за 150 відаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны вышынёй да 1 м з кароткім тонкім карэнішчам і прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, зубчастае, чаргаванае, прыкаранёвае — на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, аранжавыя, у кошыках (адзіночных або сабраных у гронкі, мяцёлкі і шчыткі); краявыя кветкі язычковыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком.
Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Еўропы і Азіі (пераважна ва Усходняй і Цэнтральнай Азіі). На Беларусі ў Цэнтральным батанічным садзе НАН РБ інтрадукаваны 4 віды: бузульнік Віча (Ligularia veitchiana), бузульнік зубчасты (Ligularia dentata), бузульнік Пржавальскага (Ligularia przewalskii) і бузульнік прыгожы (Ligularia speciosa).
Кветкава-дэкаратыўныя расліны.
Зноскі
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).