Бульбяны салат

Бульбяны салат у якасці гарніру да франкфурцкіх сасісак

Бульбяны салат — папулярная страва еўрапейскай кухні, пераважна чэшскай, нямецкай і аўстрыйскай. Уяўляе сабой салат з адваранай бульбы з даданнем іншых інгрэдыентаў (рэпчатай цыбулі, смажанага шпіку, марынаванага агурка). У якасці запраўкі выкарыстоўваецца маянэз або вінегрэтная запраўка, часам ёгурт.

Існуе вялікая колькасць рэцэптаў бульбянога салата. Для бульбяных салатаў звычайна выкарыстоўваюцца неразварыўныя гатункі бульбы, каб пры змешванні кавалачкі бульбы не гублялі форму. Часам бульбу для бульбянога салата адварваюць загадзя, за суткі, каб яна набыла дадатковую цвёрдасць. У некаторых рэцэптах бульбу рэжуць гарачай непасрэдна пасля варэння, бо яна лепш убірае марынад.

Бульбяны салат — папулярны гарнір для многіх страў. Часта падаецца да сасісак або адбіўной, а таксама смажанай рыбы. Бульбяны салат з'яўляецца класічным гарнірам да венскага шніцаля.