Бургундскае каралеўства

Бургундскае каралеўства ў 1034 годзе     Каралеўства Бургундыя      Каралеўства Францыя     Каралеўства Германія     Каралеўства Італія Суцэльнай белай лініяй пазначаны межы сучасных дзяржаў

Бургундскае каралеўства (фр.: Royaume de Bourgogne) — сярэднявечнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала ў X—XIV стагоддзях на тэрыторыі сучаснай паўднёва-ўсходняй Францыі (вобласці Праванс, Дафінэ, Савоя, Франш-Кантэ) і заходняй Швейцарыі. Узнікла пасля аб’яднання ў 933 годзе каралеўстваў Верхняй і Ніжняй Бургундыі. У 1032—1034 гадах дзяржава пасля смерці бяздзетна караля Рудольфа III і вайны за Бургундскую спадчыну ўвайшла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі ў якасці трэцяга каралеўства, нароўні з Германіяй і Італіяй. Позняе каралеўства распалася на шэраг драбнейшых феадальных уладанняў (найбольш вядомыя з іх — графствы Праванс і Савоя, пфальцграфства Бургундскае), большая частка якіх была паступова далучана да Францыі. Па лацінскай назве сваёй сталіцы — Арля, Бургундскае каралеўства таксама атрымала вядомасць пад імем Арэлат або Арэлацкая дзяржава.

Сучасная гістарычная вобласць і рэгіён Бургундыя ніколі не ўваходзіла ў склад Бургундскага каралеўства, застаючыся герцагствам пад сюзерэнітэтам каралёў Францыі.

Паходжанне Арэлацкай дзяржавы звязана з франкскім каралеўствам Бургундыя, якое існавала з перапынкамі з VI па VIII стагоддзі ў якасці аднаго з трох асноўных каралеўстваў Меравінгаў, нароўні з Аўстразіяй і Нейстрыяй. Франкская Бургундыя, у сваю чаргу, займала тэрыторыю каралеўства старажытнагерманскага племя бургундаў, заваяваных у 534 годзе сынамі Хлодвіга I Хільдэбертам і Хлотарам. Пасля ўтварэння імперыі Карла Вялікага гэтыя землі былі ўключаны ў склад адзінай Франкскай дзяржавы.

Традыцыі бургундскай дзяржаўнасці захаваліся і ў X стагоддзі: пасля распаду імперыі Карла Вялікага ў выніку падпісання Вердэнскага дагавора 843 года тэрыторыя старажытнай Бургундыі, гэта значыць землі па берагах Роны і Соны ад Луары да Альпаў, увайшла ў склад «Сярэдняга каралеўства» Лотара I, якое таксама ўключала Латарынгію і Італію. Толькі невялікая паўночна-заходняя частка франкскай Бургундыі на захад ад Соны была перададзена Заходнефранкскаму каралеўству (будучая Францыя) і стала пазней тэрытарыяльнай асновай Бургундскага герцагства.

Са смерцю Лотара I у 855 годзе яго дзяржава таксама распалася: Італію і тытул імператара атрымаў старэйшы сын Людовік II, Латарынгію — сярэдні сын Лотар II, а Бургундыя, уключаючы Праванс, дасталася малодшаму сыну Карлу. Цэнтр каралеўства Карла знаходзіўся ў Правансе і яно атрымала назву каралеўства Праванс (лац.: Regnum Provinciae). Але пасля смерці караля Карла ў 863 годзе яго дзяржава спыніла існаванне: паўночная частка (Верхняя Бургундыя) адышла да Лотара II, а паўднёвая (Ніжняя Бургундыя) — да Людовіка II. Нарэшце, у 870 годзе быў заключаны Мерсенскі дагавор, у адпаведнасці з якім Ніжняя Бургундыя трапіла пад уладу Заходнефранкскага каралеўства, а Верхняя была далучана да Усходнефранкскага каралеўства (будучая Германія).

Аднак мясцовая арыстакратыя выступіла супраць уваходжання Бургундыі ў склад гэтых буйных дзяржаўных утварэнняў: у 879 годзе ў Ніжняй, а ў 888 годзе ў Верхняй Бургундыі ўспыхнулі паўстанні, якія прывялі да ўтварэння незалежных каралеўстваў. У склад каралеўства Ніжняя Бургундыя з цэнтрам у В’ене ўвайшлі будучыя гістарычныя вобласці Праванс, Дафінэ, Конта-Венесен, Савоя, Ліянэ, Віварэ, Фарэз і Брэс. Каралеўства Верхняя Бургундыя са сталіцай у Жэневе ўключала Франш-Кантэ, Шабле і заходнюю палову сучаснай Швейцарыі.

У 933 годзе паміж каралём Верхняй Бургундыі Рудольфам II і кіраўніком Ніжняй Бургундыі Гуга Арльскім было заключана пагадненне, у адпаведнасці з якім Гуга саступаў Рудольфу II Ніжнюю Бургундыі наўзамен на адмову апошняга ад італьянскай кароны. У выніку абедзве бургундскія дзяржавы былі аб’яднаны пад уладай Рудольфа II, які стаў першым каралём аб’яднанага Бургундскага каралеўства. Сталіцай новага дзяржаўнага ўтварэння стаў горад Арль у дэльце Роны, лацінская назва якога Арэлат (лац.: Arelate) стала выкарыстоўвацца як назва Бургундскага каралеўства.

Палітычнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]
Сабор Св. Трафіма ў Арлі — месца каранацыі каралёў Бургундыі

Цэнтральная ўлада ў Арэлацкай дзяржаве заставалася слабой. Ужо да моманту яе стварэння працэсы феадалізацыі зайшлі досыць далёка, што прывяло да фарміравання мясцовай спадчыннай арыстакратыі і пашырэння яе самастойнасці. Захоўваліся таксама пэўны ўзровень аўтаноміі Верхняй Бургундыі, якая слаба падпарадкоўвалася ўладзе караля ў Арлі. Кіруючая дынастыя, якая вядзе сваё паходжанне ад Вельфаў, сустракала процідзеянне ў рэгіёнах з боку мясцовых феадальных баронаў, што знаходзіліся ў сваяцтве з былым ніжнебургундскім каралеўскім домам Базанідаў (Гуга Чорны, герцаг Бургундыі, Карл-Канстанцін, граф В’енскі). Акрамя таго, дзяржава сур’ёзна пакутавала ад набегаў арабаў на паўднёвыя рэгіёны краіны і венграў на Верхнюю Бургундыю. Арабскія піраты абгрунтаваліся ва Фраксінеце на беразе Праванса каля Фрэжуса, адкуль перыядычна здзяйснялі набегі ва ўнутраныя вобласці каралеўства, а таксама на землі суседніх дзяржаў — Італіі і Германіі.

У перыяд кіравання караля Бургундыі Конрада (937—997 гады) дзяржава арыентавалася на Германію і прызнавала вяршэнства імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Калі ў 930-х гадах арабам удавалася даходзіць да Жэневы і Вале, то дзякуючы энергічным дзеянням Гіёма I, графа Арльскага, у 970-х гадах удалося разграміць арабаў і разбурыць іх цытадэль Фраксінет. У выніку Праванс быў вызвалены, а арабы канчаткова выгнаны з краіны.

Пераемнік караля Конрада Рудольф III (997—1032 гады) сутыкнуўся з ростам сепаратызму мясцовых баронаў, перш за ўсё графаў Бургундскіх, а таксама з ціскам з боку германскага імператара Генрыха II, якія даводзіліся Рудольфу пляменнікам па маці і вымусіў бяздзетнага караля абвясціць яго сваім спадчыннікам у 1016 годзе. Пасля смерці Рудольфа III у 1032 годзе германскі імператар Конрад II прад’явіў прэтэнзіі на прастол Бургундыі. У 1034 годзе бургундская арыстакратыя і духавенства выбралі Конрада II сваім каралём і прынеслі яму амаж. Гэта азначала ўваходжанне Бургундыі ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі на правах трэцяга каралеўства, нароўні з Германіяй і Італіяй.

Тытул караля Бургундыі працягваў належаць імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі да яе роспуску ў 1806 годзе. Хоць каралеўства фармальна заставалася асобнай адзінкай імперыі, фактычна яно страціла самастойнасць, стаўшы ўладаннем імператараў. У той жа час цэнтральная ўлада ў краіне рэзка саслабла, і Бургундыя распалася на некалькі напаўнезалежных княстваў. Далейшая субінфеадалізацыя прывяла да фрагментацыі гэтых уладанняў і ўтварэння некалькіх дзясяткаў графстваў, біскупстваў, сеньярый і вольных гарадоў на тэрыторыі каралеўства.

Да канца XII стагоддзя найбольшы ўплыў у рэгіёне набылі пфальцграфы Бургундыі і графы Савоі на поўначы дзяржавы, дафіны В’енскія і графы Праванса на поўдні. Фактычна сталі незалежнымі княствамі біскупствы Базеля, Лазаны, Жэневы і Сьёна. Адначасова пачалося пранікненне на тэрыторыю каралеўства замежных манархій: Авіньён і Валенцінуа трапілі пад уладу графаў Тулузы, у цэнтральнай і паўночнай Швейцарыі ўмацаваліся Цэрынгены, якія насілі тытул рэктараў Бургундыі, а ў Правансе з 1130 года стала кіраваць малодшая лінія графаў Барселоны і каралёў Арагона.

У 1246 годзе Праванс атрымаў у спадчыну французскі прынц Карл I Анжуйскі, што канчаткова вывела гэту тэрыторыю з арбіты ўплыву імперыі. Апошняя каранацыя германскіх імператараў каралямі Бургундыі ў Арлі адбылася ў 1365 годзе.

Паралельна з паслабленнем цэнтральнай улады адбывалася ўзмацненне ціску з боку Францыі: ужо ў 1137 годзе пад сюзерэнітэт французскага караля перайшоў Фарэз, у 1305 годзе ў склад Францыі было ўключана Віварэ, затым Ліянэ і ў 1349 годзе — Дафінэ. Конта-Венесен стаў уладаннем Рымскіх Пап, а Авіньён на некаторы час — месцам іх афіцыйнай рэзідэнцыі.

У 1384 годзе Франш-Кантэ трапіла пад уладу Філіпа II Смелага, герцага Бургундыі, што прывяло да далучэння гэтай тэрыторыі да ўладанняў французскага Бургундскага дому, пасля згасання якога ў 1480 годзе Франш-Кантэ апынулася пад кантролем Габсбургаў, а ў 1678 годзе было заваявана Францыяй.

Спіс каралёў Бургундыі

[правіць | правіць зыходнік]

Каралі Ніжняй Бургундыі

[правіць | правіць зыходнік]

Каралі Верхняй Бургундыі

[правіць | правіць зыходнік]

Каралі Бургундыі (Арэлата)

[правіць | правіць зыходнік]

Спіс далейшых каралёў Бургундыі — імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі гл.:
Спіс імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі.