Бурнос (адзенне)

Бурнос, 1) верхняе адзенне беларускіх жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рускіх жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам заходне-еўрапейскага гарадскога касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невялікія бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкаратыўнай строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтральнай Беларусі да 1930-х гадоў.

2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.

3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.