42-радковая Біблія (B42) — першадрукаванае выданне Вульгаты ін-Фоліа, здзейсненае ў Майнцы ў пачатку 1450-х гадоў Іаганам Гутэнбергам і служыць традыцыйным пунктам адліку гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе. Хоць гэта не першая інкунабула, але сярод іншых першадрукаў яе вылучае выключная якасць афармлення.
Біблія Гутэнберга называецца 42-радковай, бо на кожны аркуш друкар змясціў па 42 радкі тэксту. Бамбергская Біблія ў 36 радкоў, адзін час лічылася яе папярэдніцай, на самай справе друкавалася на ўзор 42-радковай. Публікацыя адбылася не пазней за 1455 год, калі кнігу згадаў у сваёй перапісцы кардынал Пікаламіні. Выданне аформлена ў традыцыі рукапісных Біблій сярэдзіны XV стагоддзя (верагодны прататып — Вялікая Майнцкая Біблія, 1452). Першыя асобнікі не саступалі па кошце рукапісным кнігам і ў некаторых выпадках былі ілюмінаванымі.
Па сучасных падліках, Гутэнберг надрукаваў 180 асобнікаў Бібліі, з іх 45 — на пергаменце, астатнія — на італьянскай паперы з вадзянымі знакамі. Па стане на 2009 год у розных зборах свету захоўваліся 47 Біблій, з якіх толькі 21 — поўная. Парыжскі асобнік, адкрыты ў 1763 годзе ў паперах кардынала Мазарыні, атрымаў такую вядомасць, што ўсе асобнікі 42-радковай Бібліі доўгі час называліся «Бібліі Мазарыні».
Гэта далёка не самая рэдкая інкунабула, але адна з самых каштоўных. Кошт аднаго аркуша Майнцкай друкаванай Бібліі на аўкцыёнах даходзіць да 80 тыс. долараў ЗША. У 1987 годзе на аўкцыёне «Крысціс» няпоўны першы том папяровай Бібліі (324 аркушы) быў прададзены за 4,9 млн долараў. Цяпер ён знаходзіцца ў збору такійскага ўніверсітэта Кэё. Як і шэраг іншых асобнікаў, гэтая копія аблічбавана і выкладзеная для ўсеагульнага азнаямлення ў Інтэрнэце.
Найбольшая колькасць Біблій знаходзіцца ў Германіі (12), ЗША (11) і Вялікабрытаніі (8)
Біблія Гутэнберга на Вікісховішчы |