Біблія караля Якава

Біблія караля Якава
Пачатак першай кнігі Майсея (кнігі Роду)
Поўная назва King James Version
Іншыя назвы King James Bible
Скарачэнне KJV, AV
Мова англійская
Поўная Біблія апублікавана 1611
Аўтар(ы) Якаў I
Перакладзена з Біскупская Біблія
Вэб-старонка ВікіКрыніцы

Бі́блія караля́ Я́кава (англ.: King James Version, KJV або King James Bible) — пераклад Бібліі на англійскую мову, здзейснены пад патранажам караля Якава I. Работа над перакладам пачалася ў 1604 годзе і цягнулася сем гадоў.

Біблія караля Якава — найпашыраная версія Бібліі. Яна прызнаная класічным рэлігійным і літаратурным творам. З моманту выхаду дзякуючы дзейнасці шматлікіх місіянераў кніга была перакладзена больш як на 200 моў.

У 1604 годзе з прапановай неабходнасці стварэння новага аўтарытэтнага перакладу Бібліі да караля Якава I звярнулася група пурытан на чале з вялебным Джонам Рэйналдсам (англ.: John Rainolds). Кароль, які нядаўна ўзышоў на прастол, ухваліў ідэю і вырашыў замяніць Жэнеўскую Біблію, паколькі яна ставіла пад сумнеў святое права манархаў на прастол. Якаў таксама хацеў пакласці канец звадам між рознымі рэлігійнымі фракцыямі.

Дзеля абмеркавання пытання была склікана г.зв. Гэмптан-Корцкая канферэнцыя, дзе быў разгледжаны шэраг памылак у папярэдніх перакладах, у першую чаргу ў афіцыйна прынятай англіканскай царквою Біскупскай Бібліі. Былі прызначаныя перакладчыкі ў колькасці 47 чалавек, якія былі разбіты на шэсць груп, што збіраліся ў Вэстмінстэры, Кембрыджы і Оксфардзе; кожная з груп працавала над пэўнай часткай Бібліі. Пасля камітэт, што складаўся з 12 кантрольных рэдактараў, праводзіў зверку перакладу і спалучаў усе частку міжсобку. У якасці асноўнага тэксту была абрана Біскупская Біблія, аднак для перакладу таксама ўжываліся тэксты Тындэйла, Кавердэйла, Біблія Мэцью, Вялікая Біблія, Жэнеўская Біблія і нават каталіцкі пераклад Новага Запавету (апублікаваны ў 1582).

Біблія выйшла ў свет у 1611. Першае выданне было вялікім томам in folio, тэкст быў набраны гатычным шрыфтам. Біблія караля Якава ніколі не заваявала б папулярнасці, каб не была неўзабаве перавыдадзеная ў маленькім фармаце і з лацінскім наборам (што ў свой час забяспечыла шырокае распаўсюджанне Жэнеўскай Бібліі). Біблія караля Якава стала першай, якую ў цэрквах чыталі па-англійску.

Аднак каралеўская Біблія не дапамогла прымірэнню між манархістамі і пурытанамі, якія выступалі за абмежаванне ўлады афіцыйнай царквы і манархіі. Праз 30 гадоў у Англіі пачалася грамадзянская вайна.

Распаўсюджанне і далейшыя рэвізіі

[правіць | правіць зыходнік]

Уласнікам права на выданне Бібліі быў каралеўскі друкар, таму яе нельга было выдаваць у англійскіх калоніях на амерыканскім кантыненце да той пары, пакуль яны не дабіліся незалежнасці ад Англіі. У выніку першай Бібліяй, надрукаванай ў Амерыцы, стала не Біблія караля Якава, а пераклад, зроблены Джонам Эліятам для індыйцаў алганконаў (Up-Biblum God, 1661—1663).

Цягам амаль 400 гадоў Біблія караля Якава мела статус афіцыйнага перакладу. У Англіі яе называюць Афіцыйна ўхваленым перакладам (Authorized Version), хоць ані каралеўскі дом, ані парламент не выдавалі ніякіх афіцыйных актаў з гэтай нагоды. Больш за тое, не выклікае сумневу, што Аўтарызаваны пераклад стаў Бібліяй Англіканскай царквы, а таксама рэлігійных аб'яднанняў, што адкалоліся ад яе ў XVII—XVIII стст.; той самы статус яна мае і ў пратэстанцкіх дэнамінацыях ЗША.

Аднак у цяперашні час мноства пратэстанцкіх груп адмаўляюць Біблію караля Якава, называючы яе няслушным выказваннем слова Божага.

Мова Бібліі, што была архаічнай нават для сучаснікаў, пра што сведчаць свецкія тэксты ранняга новаанглійскага перыяду, да XIX стагоддзя адчувалася як перашкода для разумення біблейскага тэксту. Пасля працяглых дэбатаў па загаду каралевы Вікторыі і з дабраславення архібіскупа Кентэрберыйскага ў 1870 годзе быў створаны Камітэт па выпраўленні KJV (King James Version), большасць членаў якога складалі навукоўцы Кембрыджскага і Оксфардскага ўніверсітэтаў, што прытрымліваліся ў той час розных поглядаў на тэорыю і практыку перакладу. У выніку запанавала кембрыдская традыцыя скрупулёзнай перадачы зместу і характэрных пазнак пачатковага тэксту сродкамі літаратурнай мовы. У 1881 годзе быў апублікаваны Новы Запавет, а ў маі 1885 Oxford University Press і Cambridge University Press выдалі ў свет два тыпы выпраўленай Бібліі — так званае «бібліятэчнае выданне» з вялікімі ўводнымі артыкуламі і ўсімі перакладніцкімі заўвагамі, а таксама «агульнае выданне», з кароткімі ўводзінамі і найістотнейшымі заўвагамі. Біблія, што атрымала назву Revised Version (RV), або, як яе часцей называюць у наш час, British Revised Version (BRV), і да гэтай пары з'яўляецца афіцыйным тэкстам Англіканскай царквы, а таксама помнікам англійскай літаратурнай мовы XIX стагоддзя.

Крыху пазней з'явілася American Standard Version (1901), часта званая American Standard Bible. Яна, па сутнасці, ёсць прывядзеннем KJV да нормаў англійскай літаратурнай мовы ў яе амерыканскім варыянце XIX ст., прычым з яшчэ больш трапяткім стаўленнем да арыгіналу, чымся BRV. Апошняя акалічнасць стала прычынай незадаволенасці рэцыпіентаў новай версыі, у сувязі з чым у 1928 годзе быў створаны перакладніцкі камітэт, чыю працу аплочваў выдавецкі дом «Томас Нэльсан і сыны», што атрымаў выключнае права на выданне новай версіі цягам першых 10 гадоў.

Прадстаўнікі розных пратэстанцкіх дэнамінацый Брытаніі, што не ўваходзілі ў Англіканскую Садружнасць, таксама бралі ўдзел у працы Камітэту аж да пачатку Другой Сусветнай вайны. Выпраўлены пераклад НЗ, што выйшаў па яе сканчэнні ў лютым 1946 года, быў успрыняты імі негатыўна праз надта, на іхнюю думку, рабскае стаўленне да архаізмаў KJV, як лексічных, так і стылістычных. Пратэстанцкія біблеісты Брытаніі стварылі ўласны перакладніцкі камітэт, які адмовіўся ад выпраўлення KJV, заняўшыся новым перакладам, што пабачыў свет у 1970 (НЗ. — яшчэ ў 1961) і атрымаў назву New English Bible (NEB). З 1989 выходзіць яго новая версія Revised English Bible (REB).