Бітва на Ізеры | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Бег да мора на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны | |||
| |||
Дата | 16–31 кастрычніка 1914 | ||
Месца | Ізер, Бельгія | ||
Вынік | Перамога саюзнікаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бі́тва на Ізеры (фр.: Bataille de l'Yser, нідэрл.: Slag om de IJzer) — бітва ў часе Першай сусветнай вайны, якая адбылася ў кастрычніку 1914 года паміж бельгійскімі гарадамі Ньюпарт і Дыксмёйдэ ўздоўж ракі Ізер[1]. Бельгійская армія здолела цаной вялікіх стратаў спыніць прасоўванне немцаў, упершыню пасля ўварвання кайзераўскай Германіі ў Бельгію замацаваўшы лінію фронту па Ізеры пасля таго, як пад кантролем немцаў апынулася 95 % тэрыторыі Бельгіі. Дзякуючы перамозе ў бітве Бельгія здолела ўтрымаць кантроль над рэштай сваёй тэрыторыі, а кароль Альберт стаў нацыянальным героем бельгійцаў.
2 жніўня 1914 Бельгія адмовілася прапусціць нямецкія войскі праз сваю тэрыторыю. Пасля гэтага 4 жніўня Германія напала на сваю суседку вялізнымі сіламі[2]. Не маючы падтрымкі ад Францыі і Вялікабрытаніі, бельгійская армія пачала адыход да Антверпена. Бельгійскі ўрад пераехаў туды ж, пакінуўшы сталіцу без абароны; 20 жніўня Брусель без бою быў заняты нямецкімі войскамі. 24 жніўня паў Намюр.
У кастрычніку пасля атакі немцаў на некалькі фортаў вакол Антверпена бельгійскае войска са стратамі працягнула адступленне. 9 кастрычніка горад здаўся, яго 33-тысячны гарнізон (к. ⅓ бельгійскай арміі) адышоў у Нідэрланды, дзе быў інтэрнаваны[3].
Адначасна з аблогай Антверпену нямецкія войскі разбілі французаў на мяжы з Бельгіяй (7 жніўня — 13 верасня) і адагналі іх у паўднёвым напрамку. Серыя ўзаемных спробаў французска-брытанскай і нямецкай армій абысці паўночны фланг ворага вылілася ў бег да мора праз Пікардыю, Артуа і Фландрыю, які скончыўся на паўночнаморскім узбярэжжы Бельгіі, дзе заставаліся рэшткі бельгійскіх войскаў з Антверпена[4].
11 кастрычніка, з падыходам немцаў да Гента, бельгійскі гарнізон пакінуў горада і далучыўся да рэгулярнага войска. Пасля гэтага ў Гент зайшла нямецкая армія.
Да 18 кастрычніка бельгійскія, брытанскія і французскія войскі на поўначы Францыі і ў Бельгіі стварылі абарончую лінію ад Ла-Басэ да Дыксмёйдэ[5].
14 кастрычніка пасля працяглага адступлення бельгійская армія пачала акопвацца ўздоўж Ізера, саюзнікі забяспечвалі марскую падтрымку пад кіраўніцтвам брытанскага адмірала Гораса Гуда.
16 кастрычніка немцы атакавалі Дыксмёйдэ, але бельгійцы і французы з вялікімі стратамі здолелі адстаяць горада. Палкоўнік Альфонс Жак за сваю ролю ў абароне гораду пазней атрымаў тытул «дэ Дыксмёйдэ». 18 кастрычніка нямецкі наступ адкінуў саюзнікаў ад Ньюпорта да Араса (Францыя), намагаючыся таксама пазбавіць брытанцаў прахону да Кале, Булоні і Дзюнкерка. Немцы, не лічачыся са стратамі, прарвалі бельгійскую абарону, захапілі Кеем, Шур і часткова Манекенсверэ і выйшлі да Ізера, нягледзячы на агнявую падтрымку ад англійска-французскай флатыліі.
21 кастрычніка нямецкія войскі пад ударамі французскай 42-й дывізіі ўсё ж стварылі на заходнім беразе ракі невялікі плацдарм, адкуль бамбардзіравалі Дыксмёйдэ. Бельгійская армія пачала падрыхтоўку да затаплення тэрыторыі паміж Ізерам і прытокамі, каб спыніць наступ ворага. Уночы 26-29 кастрычніка падчас прыліваў шлюзы былі адкрыты, паступова ўзровень вады падняўся на тэрыторыі даўжынёй 1,6 км, на поўдні дасягнуўшы Дыксмёйдэ[6].
30 кастрычніка немцы правялі яшчэ адзін наступ на Ізеры, прарвалі другую лінію абароны бельгійцаў і дайшлі да Рамскапеле і Первейзэ[7]. Контратакай бельгійска-французскае войска адбіла Рамскапеле. Пасля гэтага на затопленай тэрыторыі ваенныя дзеянні праводзіць было немагчыма, і немцы адышлі ўночы на 31 кастрычніка[8]. 10 лістапада паў Дыксмёйдэ.
Нямецкае войска не здолела канчаткова перамагчы Бельгію, абарона якой апошняга лапіку зямлі ўздоўж мора спыніла бег да мора і перыяд актыўных сутыкненняў. Лінія фронту стабілізавалася ўздоўж ракі Ізер і ўтрымлівалася бельгійскім войскам да 1918 года з нязначнымі зменамі.
Страты нямецкіх войскаў у перыяд 18 кастрычніка — 30 лістапада ацэньваюцца ў к. 76 250 чалавек[9]. Бельгійская армія панесла меншыя страты, хоць усё ж значныя — каля 20 000 чалавек[10].