У лістападзе 2002 года разам з партнёрам Джамілем аль-Бана вылецеў па рабоце ў Гамбію. Аль-Раві павінен быў сустрэць партыю дэталяў машын, але яго арыштавалі аператыўнікі Нацыянальнага разведвальнага ўпраўлення. Затрыманне адбылося па падазрэнні ў меркаваных сувязях з «Аль-Каідай». Мужчыну ўтрымлівалі ў гамбійскай турме, але допыты вялі прадстаўнікі ЦРУ. У канцы снежня[3] Аль-Раві вывезлі з Гамбіі ў афганскую турму Солт-Піт[4]. У сакавіку 2003 года яго перавялі ў Гуантанама[5].
У красавіку 2006 года выданне «The Guardian» паведаміла, што брытанскае міністэрства замежных спраў афіцыйна запатрабавала вызваліць вязня і вярнуць у Вялікабрытанію[6][7]. Хоць мужчына абвінавачваўся ў датычнасці да тэрарызму, брытанскія афіцыйныя асобы казалі, што на тое няма дастатковых доказаў. Амерыканскія ўлады ў ходзе канфідэнцыйных перамоваў у чэрвені таго ж года пагадзіліся вярнуць затрыманага, але толькі на строгіх умовах. Як высветліла газета «The Times», спроба Лондана вызваліць Аль-Раві была абумоўлена тым, што той з’яўляўся інфарматарам брытанскай разведкі[8].
У канцы сакавіка 2007 года брытанскія дыпламаты завяршылі перамовы па пытанні вяртання Аль-Раві[9][10], і ўжо ў пачатку красавіка ён пакінуў Гуантанама[11]. Пасля вызвалення былы вязень далучыўся да грамадзянскага пазову Амерыканскага саюза грамадзянскіх свабод супраць уладаў ЗША па абвінавачваннях у правапарушэннях у дачыненні да замежнікаў[12][13][14][15][16].