Ваджраяна

Ваджраяна
Выява
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Ваджра — сімвал ваджраяны

Ваджрая́на (санскрыт: वज्रयान «дыяментавая калясніца», або «непарушная калясніца») — тантрычная форма будызму, што паходзіць ад махаяны. Найлепей прадстаўлена ў тыбецкім будызме, а таксама ў некаторых гістарычных будысцкіх школах Кітая і Японіі.

Хаця прыхільнікі ваджраяны адносяць яе ўзнікненне да часоў Гаўтамы Буды, тантрычны будызм сфарміраваўся на паўночным усходзе Індыі не раней за IV — VIII стст. Яго сімвалам стала ваджра, рытуальная зброя, якая ўзгадвалася ў Рыгведзе. Першаснымі распаўсюджвальнікамі ваджраяны былі махасідхі, вандроўныя філосафы, што крытыкавалі традыцыйных будысцкіх святароў.

У VII — VIII стст. індыйскія місіянеры Субхакарасімха, Ваджрабодхі и Амагхаваджра распаўсюдзілі тантрычную традыцыю ў Кітаі, дзе яна стала вядома як чжэньян («сапраўная мантра») і карысталася значным уплывам на вернікаў да ўсталявання дынастыі Сун. Японскі манах Кукай прынёс яе з Сіяня на радзіму і заснаваў там школу сінгон. Яе цэнтрам быў кляштарны комплекс Негора-дзі, разрабаваны Таётомі Хідэёсі ў 1585 г.

У VIII ст. Падмасамбхава, паўночнаіндыйскі настаўнік ваджраяны, заснаваў у Тыбеце першы будысцкі кляштар Сам’е. Лічыцца, што погляды Падмасамбхавы пазней развівала тыбецкая школа ньінгма. Значны ўплыў ваджраяны таксама зведалі прыхільнікі тыбецкіх школ сак’я, каг’ю і гелуг.

Ваджраяна запазычыла з класічнай махаяны абавязковы намечаны вынік сакральных дзеянняў і метады (упая) яго дасягнення. Такім вынікам для верніка з’яўляецца стан Буды на карысць усіх жывых істот, а метадамі — тантрычныя практыкі, у тым ліку рытуальныя дзеянні, медытацыя і ёга. На вышэйшых тантрычных узроўнях знікае ілюзорная дваістасць бачнасці навакольнага свету і яго рэчаіснай пустаты.

Хаця прыхільнікі ваджраяны развіваюць рэлігійную адукацыю, яны лічаць, што перадача вучэння ад настаўніка да вучня мажліва галоўным чынам праз ініцыяцыю і прысвячэнне. Апошняе важна таму, што непасвечаны рызыкуе пры выбары шляху да стану Буды. Такім чынам, у ваджраяне вызначальная роля належыць настаўніку, а не пісьмовай традыцыі. Разам з гэтым, у тыбецкім будызме шырока распаўсюджана таемная сімвалічная мова, што павінна схаваць праўду ад непасвечаных. Інтэрпрэтацыя таемных формул і сімвалаў адрозніваецца ў залежнасці ад школы.

Зноскі